Гродна. Першыя вынікі эксперыменту ў паліклініках: пацыенты чакаюць вяртання талонаў

Амаль месяц у дзвюх гродзенскіх паліклініках праводзіцца эксперымент, які мае на мэце зрабіць больш даступнай дапамогу ўчастковых тэрапеўтаў і зменшыць колькасць выклікаў на дом. 



get_img_12_1.jpg

“Твой cтыль” вырашыў даведацца пра меркаванне ўрачоў і пацыентаў аб новаўвядзеннях. Нагадаем, што па ініцыятыве Упраўлення аховы здароўя Гродзенскай вобласці ў чацвёртай і шостай гарадскіх паліклініках з 11 лістапада прыём пацыентаў участковымі тэрапеўтамі ажыццяўляецца без талонаў і папярэдняга запісу.

Без талонаў цяпер таксама можна прайсці ЭКГ-даследаванне. Зрабіць ЭКГ можна ў вызначаныя гадзіны цягам дня, для гэтага неабходна толькі накіраванне лекара. Як адзначылі ўчастковыя тэрапеўты абедзвюх паліклінік, якіх-небудзь змен у іх працы на дадзены момант не адбылося. Колькасць пацыентаў на прыёме ў паліклініцы засталася ранейшай.

Прапанаваны падзел хворых па патоках пакуль не адрэгуляваны. Пацыенты з вострай паталогіяй, хранічнымі захворваннямі і па бальнічным лісце абслугоўваюцца па агульнай чарзе. Чэргі пад кабінетамі застаюцца вялікімі, і эксперымент, на думку медыкаў, не дапаможа з імі справіцца. На думку ўрачоў, некалькі зменшыць чэргі можна было б за кошт хранічна хворых пацыентаў без змен у стане здароўя, якім трэба штомесяц выпісваць ільготныя рэцэпты. Яны не патрабуюць кансультацыі лекара, аднак вымушаныя сядзець у агульнай чарзе. Урач патрабуе нямала часу, каб выпісаць стос рэцэптаў такім пацыентам, у той час як за дзвярыма чакаюць прыёму пацыенты з вострымі захворваннямі. Участковых тэрапеўтаў таксама турбуе павелічэнне часу прыёму да пяці гадзін. Гэта значна павялічыць нагрузку на лекараў у перыяд эпідэміі вірусных інфекцый. Бо ў гэты перыяд акрамя працяглага прыёму ў паліклініцы трэба будзе абслужыць і павялічаную колькасць выклікаў на дом.

Палярныя меркаванні адносна эксперыменту апынуліся ў пацыентаў. Многія яшчэ не адчулі розніцы. Хтосьці задаволены, што “наступіў камунізм”. Разам з тым, шмат хворых мараць аб вяртанні талонаў, бо так надакучлівыя чэргі пакуль не змяншаюцца, і частка пацыентаў вяртаецца дадому, не жадаючы марнаваць час. Талон жа з пазначаным у ім часе хоць неяк гарантаваў своечасовы прыём. Аднак рабіць высновы яшчэ рана. “Эксперымент толькі пачаўся. Штодзённа праводзіцца маніторынг даступнасці медыцынскай дапамогі на тэрапеўтычных прыёмах, а таксама аб’ёму выканання лабараторных і ЭКГ даследаванняў. Дадзеныя маніторынгу аналізуюцца і пры неабходнасці будуць уносіцца карэктывы”, — пракаментавала сітуацыю загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення №2 шостай паліклінікі Ганна Станеўская.

www.t-styl.info