Хронікі рэпрэсій, 21 чэрвеня. Хапуны ў Фаніпалі і на Лідскім ліцейна-механічным заводзе

З дапамогай праваабаронцаў распавядаем пра галоўнае, што стала вядома пра рэпрэсіі і стан беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

«Экстрэмісцкімі» прызналі інфармацыйныя рэсурсы оrsha.eu, «Народны рэпарцёр» у «Одноклассниках» і «Новы Час» у TikTok

Міністэрства інфармацыі 20 чэрвеня абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». 

Да забароненых інтэрнэт-старонак сярод іншага дадалі: «Народны рэпарцёр» у «Одноклассниках», «Новы Час» у TikTok, сайт і сацсеткі рэгіянальнага выдання оrsha.eu.

У Мінску асудзілі Алену Церашкову, двухразовую чэмпіёнку Беларусі па тэквандо, пісьменніцу і хірургіню

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 чэрвеня вынесены прысуд двухразовай чэмпіёнцы Беларусі па тэквандо, пісьменніцы і хірургіні Алене Церашковай.
Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 КК). Суддзя Юльяна Шчэрба прызначыла Церашковай тры гады «хатняй хіміі».
Вядома, што Алена — маці чацвярых дзяцей, сястра актывіста і палітвязня Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў пазбаўлення волі.

Палітвязню Аляксандру Гашнікаву узмацнілі пакаранне

Аляксандр — супрацоўнік Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне.  Яго затрымалі 18 верасня 2021 года па справе "Рабочага руху". Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 года была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні рабочых.

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў Аляксандра вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і прызначыў яму 14 гадоў зняволення. Палітвязень адбывае свой тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. 

У судзе Наваполацка 28 траўня разгледзелі справу аб узмацненні палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Віталя Лапко Аляксандра перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

За ўдзел у акцыі пратэсту затрыманы жыхар Мінска Глеб Нікановіч

Праўладныя тэлеграм-каналы абвінавацілі яго і ў «каардынацыі пратэстаў» — ён пакідаў каментары з месцазнаходжаннем міліцыянтаў у горадзе.
Сілавікі таксама напісалі пра «нетрадыцыйнасць яго палітычнай арыентацыі» — за татуіроўку акцёра Білі Хэрынгтана.

Крымінальныя справы ў парадку «спецвытворчасці» распачаты ў дачыненні да 108 чалавек

Пра гэта журналістам заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара. Паводле яго, «гэтых асоб выяўляюць на сістэмнай аснове і збіраюць доказы іх віны». У тым ліку, выяўляюць іх маёмасць з мэтай далейшай канфіскацыі і звароту ў даход дзяржавы ў якасці кампенсацыі нанесенай шкоды. Па большасці крымінальных спраў, дадаў Гара, накладаецца арышт на маёмасць асоб, якія прыцягваюцца ў якасці абвінавачаных.

Палітвязня Руслана Волкава будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»


Руслана затрымалі 4 чэрвеня 2021 года ў Іўеўскім раёне пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу, каб перабрацца ў Еўрасаюз. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "масавых беспарадках" (арт. 293 КК) у Брэсце ў жніўні 2020 года.

8 лістапада 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Руслану прызначылі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін палітвязень адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.

Стала вядома, што 1 ліпеня ў Наваполацку адбудзецца над Русланам паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Віталь Лапко. «Гэта і кватэры, і дамы, і ўчасткі, і дарагія аўтамабілі. Шмат маёмасці, якая павінна быць па рашэнні суда звернута ў даход дзяржавы».

«Хапун» у Фаніпалі — затрымалі адразу шэсць чалавек

Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Паводле папярэдняй інфармацыі, сярод затрыманых Андрэй і Ірына Шайкоўскія, Вікторыя Янушкевіч, Іван Мельнік.

Затрыманні на Лідскім ліцейна-механічным заводзе

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць аб «хапуне» на Лідскім ліцейна-механічным заводзе — паводле іх, некалькі чалавек былі затрыманыя наўпрост на працоўных месцах.

Сцвярджаецца, што затрыманыя распаўсюджвалі «экстрэмісцкія матэрыялы» ў сваіх сацсетках — усіх іх змясцілі ў ІЧУ. Дакладная колькасць затрыманых невядомая.

У Мінску затрымалі дырэктарку ТАА «Маяк Хоум»

Сцвярджаецца, што жанчына ў 2020-ым ўдзельнічала ў дваровых сустрэчах і акцыях пратэсту, а таксама даслала ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі» інфармацыю пра міліцыянта, а ў іншую ініцыятыву — пра дзвюх настаўніц.