Хронікі рэпрэсій за 5 снежня: Эдуарда Бабарыку залічылі да «тэрарыстаў»
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць «экстрэмісцкімі» матэрыяламі і фармаваннямі, паведамляюць праваабаронцы.
-
Новыя экстрэмісты
Беларускі спартыўны праект «Tribuna» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 снежня.
Таксама «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» прызнаныя праекты «6TV Bielarus» і BelPol
У рашэнні КДБ, адносна прызнання «6TV Bielarus» фігуруюць прозвішчы людзей, нібыта датычных да праекту: Салаўёў Дзмітрый Віктаравіч, Лапцэвіч Уладзімір Пятровіч, Буракоў Аляксандр Уладзіміравіч.
Да арганізацыі BelPol, згодна з рашэннем КДБ, адносяцца: Астаповіч Андрэй Ігаравіч, Жыгар Уладзімір Міхайлавіч, Купрэйчык Мацвей Дзмітрыевіч, Кабанаў Аляксандр Аляксандравіч.
Тэлеграм-канал «Беларускай Рада культуры» прызнаны «экстрэмісцкім». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 4 снежня.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўніла Tiktok-старонка «klimzlobich».
- Эдуарда Бабарыку ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ сямі чалавек.
Сярод іх 22-гадовы Максім Варнель, 46-гадовы Кірыл Крошкін, 44-гадовы Аляксандр Сігневіч, 52-гадовая Кацярына Джыг, былы сілавік Іван Янчук, сын прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Эдуард Бабарыкі, жыхар Чыжоўкі Яўген Верхаводкін.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1145 чалавек, з іх 390 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1154 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
- У Мінску за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» пачынаюць судзіць SEO-менеджарку
42-гадовую палітзняволеную SEO-менеджарку Анастасію Пакаташкіну затрымалі 10 красавіка 2023 года і змясцілі пад варту ў жодзінскую турму.
5 снежня Анастасію пачалі судзіць у Мінскім гарадскім судзе паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Сутнасць справы пакуль невядомая. Справу вядзе Сяргей Кацэр.
- Мінскага менеджара-эканаміста асудзілі да двух гадоў калоніі
Суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў 35-гадовага менеджара-эканаміста Юрыя Дабрахотава да 2 год калоніі за актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама за выраб, набыццё і захоўванне наркатычных рэчываў (ч. 1 арт. 328 КК). «Наркатычны» артыкул першапачаткова ў справе не фігураваў і з’явіўся толькі падчас судовага пасяджэння.
Справу, у якой шмат нестыковак, разглядала суддзя Юлія Крэпская.
Вядома, што пра затрыманні Юрыя збівалі супрацоўнікі міліцыі — яны казалі яму нешта, але ў сувязі з праблемамі са слыхам і шокам, мужчына сэнс слоў не разумеў.
- У Глыбоцкім раёне на 8 сутак арыштавалі грамадзянку Расіі за лайкі ў «Аднакласніках»
Паводле звестках віцебскіх праваабаронцаў, Алена Крыўко паходзіць з Прыморскага краю, але даўно жыве ў Беларусі.
На яе старонцы ў «Аднакласніках» нібыта знайшлі БЧБ-сцяг і некалькі лайкаў у «экстрэмісцкіх» суполках. Судовы працэс у дачыненні да 61-гадовай жанчыны разглядаў суддзя Аляксандр Алексяенка.
- Пасля доўгага перапынку аднавіўся суд над палітвязнем Яраславам Саковічам
Яраслаў Саковіч быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы.
Пасля вяртання ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго і выбівалі прызнанне ў тым, што ён раней ваяваў ва Украіне.
Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.
У Мінску 4 траўня яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Але ў жніўні Яраслава пачалі судзіць ужо за «здраду дзяржаве» паводле арт. 356 КК.
Меркавана, з 11 верасня ў судзе быў абвешчаны перапынак, але сёння судовыя пасяджэнні аднавіліся.
- ГУБАЗіК затрымаў айцішніка, які нібыта заклікаў «закідваць сілавікоў фекаліямі»
Таксама праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына пасля пачатку вайны ва Украіне пісаў абразлівыя каментары пра расійскіх салдат.
- Былых палітвязняў Анастасію Малашук і Аляксея Кедыша арыштавалі на 5 сутак
Інфармацыя пра гэта з'явілася на Instagram-старонцы брэнда piuceramics.
«Мы з мужам зараз з'язджаем на 5 сутак арышту ў Акрэсціна (такое рашэнне інспекцыі). У сувязі з гэтым вымушаная адмена заняткаў і наведванняў майстэрні. Вернемся да працы ў панядзелак 11 снежня».
Нагадаем, керамістку і заснавальніцу брэнда piuceramics Анастасію Малашук і яе мужа Аляксея Кедыша абвінавацілі паводле арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзілі да 3 гадоў «хатняй хіміі».