Хронікі рэпрэсій. Забралі мастака, былую пракурорку, сям'ю, якая зладзіла салют на 9 жніўня

Сабралі ў медыях і тэлеграм-каналах навіны пра палітычны пераслед беларусаў 19 жніўня.

akrescina_1310.jpg

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес прыгавор Міхаілу Зубкову, якога абвінавацілі ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).

У верасні мінулага года Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі, яго затрымаў АМАП. Мужчына правёў 15 сутак у ІЧУ. Больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было, упэўніваюць сваякі. Міхась з'ехаў на працу ў Маскву, дзе яго і затрымалі ў кастрычніку 2021 года.

«Следчая паказала жонцы фотаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падышоў да супрацоўніка АМАП "бліжэй, чым трэба", і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Гэта значыць "ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАП"», — распавялі сваякі.

У выніку суд прызначыў Зубкову пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Затрыманы мастак, былы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў.

Гэта адбылося 18 жніўня. Абставіны і прычыны затрымання, а таксама месца, дзе ўтрымліваецца Генадзь, пакуль невядомыя.

Гродзенскі абласны суд разгледзеў справу 35-гадовага жыхара Зэльвеншчыны Сяргея Кірыковіча, якога абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.2 арт. 366 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы»), ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч.1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»).

Згодна з матэрыяламі справы, мужчына ў перыяд з лістапада 2020 года па студзень 2022 года размясціў у суполках сацыяльнай сеткі «УКантакце» паведамленні, якія змяшчаюць абразы і пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да Лукашэнкі. Ён жа ў лютым 2022 года размясціў паведамленні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў.

У выніку суддзя Дзмітрый Бубенчык прысудзіў Кірыковічу 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Генеральная пракуратура паведаміла аб затрыманні сваёй былой супрацоўніцы, якая ў 2020 годзе перадавала даныя аб сілавіках у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі». Паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра Наталлю Лашч.

Супраць жанчыны распачалі крымінальную справу за «Распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК). Згодна з матэрыяламі справы, яна працавала ў пракуратуры да 2019 года, а ў 2020-м перадавала інфармацыю аб супрацоўніках ведамства ў тэлеграм-канал.

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым мінчанінам, які запусціў салют у гонар гадавіны выбараў.

Аўтары сцвярджаюць, што мужчыну завуць Дзяніс Раманчук і што разам з ім затрымалі яго жонку. На «пакаяльным» відэа Раманчук кажа, што 9 жніўня ў 23.34 запусціў салют на вуліцы Шугаева ў Мінску. Гэта здымала яго жонка, а кадры прапанавала апублікаваць некалькім тэлеграм-каналам.

Гэта не першы выпадак затрымання з-за салютаў — за феерверк у навагоднюю ноч былі затрыманы жыхары сталіцы Алена і Мікалай Гаеўскія. Вынікам суда стаў арышт Мікалая на 15 сутак, а Алены — на 13.

Напрыканцы — добрая навіна. Палітзняволены Уладзімір Кацюбка цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю.

Уладзімір — жыхар Брэста, быў асуджаны да 1,5 гадоў калоніі за тое, што паўдзельнічаў у вывешванні манекена (лялькі-чучала) з надпісам «АМАП». Гэта было расцэнена як «злоснае хуліганства» (ч.2 арт. 339 КК).