Хронікі рэпрэсій. У Гродне затрымалі фатографа, на палітвязняў ціснуць
З дапамогай праваабаронцаў сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі 21 жніўня.
У Гродне на аўтафестывалі «Лакацыя» затрымалі фатографа Сяргея Марозава (на фота). Падрабязнасцяў пакуль няма.
Прызначана дата суда над палітзняволеным Ігарам Леднікам. Суд Ленінскага раёна Мінска пачне разгляд справы 2 верасня.
Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), палітвязню пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Справу будзе разглядаць Таццяна Шоцік.
Нагадаем, Ігар Леднік — сябра БСДП з Барысава, быў затрыманы
18 красавіка гэтага года. Мужчына мае інваліднасць II групы праз праблемы з
сэрцам. Вядома, што ў ліпені Ігару зрабілі аперацыю ў турэмнай бальніцы на
страўнікава-кішачным тракце. Актывіст ідзе на папраўку.
Палітзняволены анархіст Дзмітрый Дубоўскі не выйшаў са штрафнога ізалятара пасля 20 сутак знаходжання ў ім.
У ШІЗА Дубоўскага змясцілі ў яго дзень народзінаў, 29 ліпеня. За што менавіта былі вынесеныя спагнанні палітвязню, невядома.
Іншага анархіста, Яўгена Рубашку, асуджанага да пяці
гадоў пазбаўлення волі, пазбавілі працяглага спаткання ў папраўчай калоніі №2.
Пра гэта ён паведаміў у сваім лісце.
«Яшчэ сёння прайшоў сваю ініцыяцыю па пазбаўленні мяне
чарговага доўгатэрміновага спаткання. Я і іншыя такія ж [палітычныя]
атрымалі парушэнне за нібыта дрэнную ўборку яшчэ падчас каранціну. Думаю, вы
самі пра ўсё гэта ведаеце. Усё як у людзей:)», — напісаў Яўген.
Усяго для зняволеных у калоніях ва ўмовах агульнага рэжыму
прадугледжана тры працяглых і тры кароткатэрміновых спатканні ў год.