ГУБАЗіК вынес папярэджанне Марыне Золатавай

У сакавіку галоўнага рэдактара TUT.BY Марыну Золатаву выклікалі ў ГУБАЗіК і азнаёмілі з папярэджаннем аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб экстрэмізме (пры гэтым копію папярэджання нават не выдалі на рукі!), паведамляе выданне.

Марына Золатава падчас суду па «справе БелТА»  

Марына Золатава падчас суду па «справе БелТА»  


Падставай стаў банер, які адлюстроўваўся ў рамках партнёрства з рэкламнымі сеткамі Яндэкса і Google — гэта значыць, банер, паказы якога рэдакцыя нават не можа прадбачыць. Больш за тое, у ГУБАЗіК нават не паведамілі, куды карыстальнік пераходзіў, клікнуўшы на гэты банер.

Праз месяц пасля інцыдэнту карэспандэнтка «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая размясціла скрыншот з тым самым банерам у сваім артыкуле з загалоўкам «У чыіх інтарэсах працуе TUT.BY?».

Пры гэтым аўтарка не ўказала, што папярэджанне было атрымана менавіта за чужы банер.

 «Сувязі з арганізатарамі беспарадкаў электронны рэсурс і не хавае. Вось, калі ласка, галоўнай навіной у бела-чырвоных колерах: «У Беларусі 23 403 населеныя пункты. Горад наш!» О як…» — упэўнена піша яна.

Інфармацыя аб папярэджанні ад ГУБАЗіК размешчаная побач з заўвагай «рэсурс апублікаваў артыкул "Топ-10 суддзяў, якія далі больш за ўсё сутак адміністрацыйна затрыманым", дзе апублікаваў звесткі пра людзей. Пазначыў мэты. Добра, пашпартныя даныя не выклаў. Але гэта пакуль».

З чаго можна зрабіць выснову, што папярэджанне TUT.BY атрымаў менавіта за гэты артыкул. Але гэта не так. Што тычыцца "топу суддзяў", то гэта адкрытая інфармацыя, судовыя працэсы з'яўляюцца адкрытымі, а суддзі выступаюць на іх пад сваімі імёнамі.