ГУУС Мінска: У сталіцы — гіганцкі ўсплёск нармкаманіі
У Мінску назіраецца ўсплёск колькасці злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, а рэальная колькасць наркаспажыўцоў набліжаецца да 70 тыс. чалавек, паведаміў начальнік аддзялення ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Барзакоўскі на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
«Пайшоў велічэзны рост злачынстваў, звязаных з наркаманіяй. За 9 месяцаў 2014 года рост колькасці правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, склаў каля 50% у параўнанні з мінулым годам», — сказаў Барзакоўскі.
«Рэальны маштаб праблемы можна разлічыць ў адпаведнасці з дадзенымі Цэнтра маніторынгу за наркаспажываннем. Для гэтага колькасць выяўленых спажыўцоў наркатычных рэчываў трэба памножыць ў 8-10 разоў. У Мінску каля 7 тыс. выяўленых наркаспажыўцоў. Памнажаем на 10 — атрымліваем больш як 70 тыс. чалавек», — удакладніў ён.
Спецыяліст адзначыў, што доля сінтэтычных наркотыкаў у агульнай колькасці адбіраемых наркатычных рэчываў у сталіцы ў цяперашні час складае больш за 70%.
«У 2009 годзе мы наогул не сутыкаліся з выняццём сінтэтычных наркотыкаў — так званых «спайсаў» і «міксаў». Пасля праблема пачала выспяваць. Так, калі ў 2012 годзе сярод усіх канфіскаваных наркотыкаў 60-70% складалі рэчывы расліннага паходжання, то ў 2013-м іх доля склала ўсяго 41%. У бягучым годзе 72% ад агульнага аб’ёму канфіскаваных наркатычных і псіхатропных рэчываў складае ўжо «сінтэтыка» — «спайс» і «міксы», — праінфармаваў прадстаўнік ГУУС.
Барзакоўскі таксама паведаміў, што ў 2014-м годзе ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама ўдалося перакрыць 14 каналаў пастаўкі на тэрыторыю Мінска наркотыкаў з-за межаў рэспублікі, выявіць і ліквідаваць 9 лабараторый па вытворчасці наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама памяшканняў, прыстасаваных для вырошчвання раслін роду «Cannabis».
Паводле слоў спецыяліста, у Мінску са студзеня па верасень зроблена 1.148 выняткаў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — на 124 канфіскацыі больш, чым за аналагічны перыяд 2013 года. Акрамя таго, канфіскавана з незаконнага абароту больш за 70 кілаграмаў псіхаактыўных рэчываў.
«Аб’ёмы канфіскаваных наркотыкаў гіганцкія. Дастаткова сказаць, што 70 кілаграмаў парашкавідных рэчываў — гэта як мінімум 700 кілаграмаў курыльных сумесяў, фактычна поўная грузавая машына з прычэпам», — пракаментаваў прыведзеныя лічбы Барзакоўскі.