Адбыліся перамовы віцэ-міністраў замежных спраў Польшчы Томаша Арлоўскага і Беларусі Алены Купчыной
Супрацоўніцтва па консульскіх пытаннях, у галіне эканомікі і адукацыі стала асноўнай тэмай візіту ў Мінск віцэ-міністра замежных спраў Томаша Арлоўскага. Падчас кансультацый, якія прайшлі ў пятніцу, польскі і беларускі бакі ўзгаднілі пытанне адкрыцця на Беларусі аўтсорсінгавых візавых цэнтраў.
— Гэта рашэнне будзе карысным для грамадзян Беларусі, а нам аблегчыць работу, — падкрэсліў віцэ-міністр Томаш Арлоўскі, гаворачы пра згоду беларускіх улад на адкрыццё цэнтраў. Ён звярнуў увагу на тое, што такая працэдура апраўдала сябе на Украіне і ў Расіі. — Мы ведаем, што гэта дазваляе больш спраўна выдаваць візы. Мы таксама ведаем, што на Беларусі такую сістэму выдачы віз увяла Вялікабрытанія, — дадаў Арлоўскі. Віцэ-міністр пры гэтым звярнуў увагу на той факт, што ўжо зараз больш за 50% шэнгенскіх віз, выдадзеных грамадзянам Беларусі, выдалі польскія консулы.
Падчас сустрэчы віцэ-міністра Арлоўскага з намеснікам кіраўніка беларускай дыпламатыі Аленай Купчыной быў таксама абмеркаваны актуальны стан адносін паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.
Віцэ-міністра Томаша Арлоўскага прыняў таксама міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Падчас сустрэчы гаворка ішла, між іншым, пра двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва.
У Мінску віцэ-міністр Арлоўскі сустрэўся таксама з апостальскім нунцыям Клаўдыё Гуджароцці, кіраўніком Прадстаўніцтва Еўрасаюза Майрай Мора і прадстаўнікамі незалежнага беларускага асяроддзя.
Падчас побыту на Беларусі віцэ-міністр Томаш Арлоўскі разам з прадстаўнікамі польскай дыяспары ўсклаў вянок да Польскага крыжа ў Курапатах, які ўвекавечвае памяць забітых палякаў, ахвяр савецкіх рэпрэсій.
Прэс-служба Міністэрства замежных спраў