Гвалту не месца ў Беларусі. Заява кобрынцаў

Той гвалт, што перажылі мірныя людзі ад сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў, больш ніколі не павінен паўтарыцца на Беларусі, заявілі 19 жніўня ўдзельнікі штодзённага сходу грамадскасці на пляцы Волі ў Кобрыні.

k_19.8.20_1_logo.jpg


Удзельнікі сходу спявалі беларускія народныя песні, трымалі партрэты ахвяраў гвалту, у тым ліку загінулых і бяз вестак прапаўшых, скандавалі “Не забудзем, не прабачым!”, патрабавалі раследавання абставінаў збіцця мірных кабрыньчанаў у час пратэстаў грамадскасці супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, складалі заявы ў мясцовыя органы пракуратуры і Следчага камітэту, абмяркоўвалі далейшыя захады дзеля выканання ўладамі патрабаванняў грамадскасці.
Сярод іх — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі з пасады галавы дзяржавы, вызваленне ўсіх палітвязняў з іхнай поўнай рэбілітацыяй, кампенсацыяй матэрыяльных і маральных стратаў, раследаванне ўсіх фактаў незаконных затрыманняў, гвалтоўных дзеянняў і катаванняў з боку сілавікоў супраць мірных кабрыньчанаў, прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўсіх асобаў, якія маюць дачыненне да вышэй названых злачынстваў, адхіленне ад пасадаў старшыні Кобрыньскага райвыканкама і начальніка РАУС на час следства, а таксама правядзенне ў краіне новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў паводле стандартаў АБСЕ. 

k_19.8.20_2_logo.jpg


Як зазначыў старшыня мясцовай грамадскай каардынацыйнай рады па перадачы ўлады, ветэран беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху Алесь Мех, пасля выбараў у горадзе за ўдзел у акцыях пратэсту было затрымана 256 месцічаў. Але старшыня Кобрыньскага райвыканкаму Міхась Грышкевіч запэўніў, што па стану на 18 жніўня ўсе затрыманыя вызваленыя, паведаміў Алесь Мех.
Ён выказаў вялікую ўдзячнасць грмадскасці за салідарнасць, выключна мірны характар пратэсту і спакой на вуліцах і плошчах 52-тысячнага гораду, нягледзячы на тое, што ўжо некалькі дзён супрацоўнікаў міліцыі можна ўбачыць у Кобрыні толькі ў аўтамабілях.  
На вечар 20 жніўня запланаваная сустрэча гараджанаў з Міхасём Грышкевічам. Будзем спадзявацца, што ўлады пачуюць мірных людзей і пойдуць насустрач іх законным патрабаванням.

k_19.8.20_3_logo.jpg