Інфармацыйную прадукцыю сайта і некаторых сацсетак MOST прызналі «экстрэмісцкай»

28 красавіка 2022 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкай» інфармацыйную прадукцыю сайта MOST, суполак у VK і Facebook, а таксама канала ў Telegram.

_zaczynena___varoty___roznae__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg


Галоўны рэдактар MOST Руслан Кулевіч так каментуе падзею:
Чаканае рашэнне. Сёння прадукцыя большасці па-сапраўднаму прафесійных беларускіх СМІ прызнана экстрэмісцкай. Нашаму праекту ўсяго чатыры месяцы, і нас ужо ўнеслі ў гэты «чорны спіс» — значыць, мы робім усё правільна. Для нас і нашых чытачоў нічога не змяняецца: мы па-ранейшаму будзем расказваць праўду. Ад сваёй місіі — аб’ядноўваць людзей, быць мостам паміж Польшчай і Беларуссю — не адступаем.

Што такое MOST

MOST — гэта каманда беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ў польскім Беластоку, за 50 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. У змушанай эміграцыі яны расказваюць пра падзеі, якія адбываюцца на скрыжаванні Беларусі і Польшчы.
Палітычныя падзеі ў Беларусі з 2020 года, крызіс з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы, вайна ва Украіне аддалілі грамадзянскую супольнасць Польшчы і Беларусі. Аўтары праекта лічаць, што надышоў час будаваць масты паміж дзвюма краінамі, і гэта — іх місія. Яны імкнуцца ствараць якасны кантэнт пра падзеі па абодва бакі мяжы.

Як цяпер чытаць MOST

Беларускія ўлады караюць за распаўсюджванне матэрыялаў, якія яны прызналі «экстрэмісцкімі». Чытачоў заклікаюць быць уважлівымі са спасылкамі на навіны і матэрыялы праекта, а таксама з лайкамі ў сацыяльных сетках.
Паводле БАЖ