Інваліда аштрафавалі і канфіскавалі мабільнік за рэпост відэа пра анархістаў

Інвалід першай групы Аляксандар Рабец з мястэчка Парычы праз пошту атрымаў пастанову за подпісам суддзі Светлагорскага раёну Людмілы Сядзько, паводле якой ён аштрафаваны на 10 базавых велічыняў (230 рублёў) за рэпост відэа пра акцыю анархістаў.

inform.jpg


«На суд мяне не выклікалі, бо ў пратаколе, складзеным участковым на падставе артыкула 17.11 КаАП, я пазначыў, што згодны з выстаўленымі прэтэнзіямі», — кажа Рабец.
У судовай пастанове, якую вынесла суддзя Сядзько яшчэ 14 сакавіка, сказана, што Аляксандар Рабец 2 сакавіка «з дапамогай мабільнага тэлефона маркі «Самсунг», скарыстаўшы акаўнт «Саша Рабец» (vk.com), размясьціў у адкрытым доступе для агульнага агляду спасылку на інфармацыйны матэрыял суполкі «ЎКантакце»: «Гомель: акцыя анархістаў супраць уладаў (Відэа)» ад 11.01.2016 году — «прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»». Адначасова суд прызнаў, што склад злачынства ў дзеяннях Рабца адсутнічае.
«Адсюль, пэўна, мінімальны штраф, — дадае інвалід. — Тым ня менш суддзя вырашыла канфіскаваць мой мабільны тэлефон».
Аляксандру 49 гадоў, большую частку з іх ён правёў у ложку. Да 1991 году рабіў калгасным кіроўцам, але трапіў у аварыю. Ад таго й інваліднасць. Мабільны тэлефон быў заўсёды пры ім як сродак зносін з белым светам.
Штраф за аналягічны ўчынак накладзены 21 сакавіка Хойніцкім раённым судом на 26-гадовага мясцовага жыхара Максіма Максіменку. І памер штрафу аднолькавы — 10 базавых.
Максіменка яшчэ ў снежні 2015 году, скарыстаўшы свой акаўнт у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце», размясціў спасылку на інфармацыйны матэрыял: «Жлобін: анархісты заклікаюць да страйку». Правапарушэнне выяўлена толькі сёлета, 2 сакавіка.
«Суддзя Кардаш, малады такі юрыст, які разглядаў маю адміністрацыйную справу, — кажа аштрафаваны Максіменка, — патлумачыў, што ніяк ня можа мяне вызваліць ад адказнасці, бо першасны матэрыял паступіў з КДБ. Калі б я своечасова выдаліў гэты відэасюжэт са сваёй старонкі, то ніякай справы не было б. А то пад ім было чатыры камэнтары і адзін рэпост. Выглядае, што я спрычыніўся да распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Анархісцкая суполка «Рэвалюцыйнае дзеянне» і яе паведамленні занесеныя ў спіс экстрэмісцкіх у 2016 годзе і заблякаваныя для доступу ў Беларусі.

svaboda.org