Прысуд Мікалаю Дзядку — агулам 10 сутак (абноўлена)
29 сакавіка Мікалая Дзядка выпісалі са шпіталя і даставілі ў Партызанскі РУУС Мінска. У 15.20 над ім пачаўся суд.

Мікалай Дзядок з бацькам Аляксандрам
Мікалая абвінавачваюць у
парушэнні ч.1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП РБ. Вядзе працэс суддзя
Неўмяржыцкі І.І.
Падчас акцыі пратэсту на Дзень Волі былы палітвязень быў гвалтоўна затрыманы і потым дастаўлены з чэрэпна-мазгавой траўмай у шпіталь хуткай дапамогі.
25 сакавіка Мікалая спачатку прывезлі ў Партызанскі РУУС, а пазней — у ЦІП на Акрэсціна. Праз некаторы час высветлілася, што Мікалай Дзядок знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі ў хірургічным аддзяленні.

Бацька Мікалая, Аляксандр Дзядок
Згодна з медыцынскім заключэннем, Мікалай Дзядок атрымаў закрытую чэрэпна-мазгавую траўму лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, параарбітальную гематому злева, удар мяккіх тканяў твару і патыліцы.

15.30. Суддзя не задаволіў хадайніцтва аб вызваленні Дзядка ў сувязі з тым, што прайшло больш за 96 гадзін пасля яго затрымання.

Мікалай Дзядок распавядае, што быў зьбіты ў міліцэйскім аўтобусе (білі кулакамі па галаве).
16.00. У працэсе разгляду справы высветлілася, што сёння (29 сакавіка) на яго быў складзены яшчэ адзін пратакол, у якім пазначана, што Мікалай быў затрыманы сёння ў 12.30 на вуліцы Кіжаватава. Але ў гэты час ён ехаў са шпіталя ў РАУС.
Цікава, што да гэтага, Мікалай чацвёра сутак быў пад канвоем у лякарні, а склалі пратакол затрымання толькі сёння.
Дзядок кажа, што паводзіў сябе выключна мірна. Прызнае, што крычаў лозунгі, але на тое і дэманстрацыя.
16.15. Зараз у судзе аб'яўлены перапынак.

16.40. Мікалай прызнае ўдзел у несанкцыянаваным
мерапрыемстве, але не прызнае непадпарадкаванне міліцыі. Ён мяркуе, што яму
дадуць 25 сутак, кажа, што чакае, калі ўжо скончыцца гэты спектакль і яго
адвязуць адбываць арышт.
Адвакат кажа, што сведкі-міліцыянты блытаюцца ў паказаннях, а той, што затрыліваў нават не змог сказаць каля якога будынка затрымліваў Мікалая. Дзядка затрымалі на вуліцы Пятруся Броўкі, але ў пратакоде пазначана іншае месца.

Бацькі Мікалая Дзядка
17.00. У судзе зноў аб'яўлены перапынак. Відавочна для вынясення прысуду.
Мікалай не спадзяецца на апраўданне, а таму будзе абскарджваць і прысуд і адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да
міліцыянтаў, якія яго збілі.
Мікалай мяркуе, што
дадуць па максімуму, бо ён дабра вядомы гэтай сістэме. "Я гатовы да пакарання
маральна. Не баюся. Барацьба трывае", — перадае на волю Мікалай Дзядок.
17. 35. Мікалай Дзядок атрымаў 10 сутак агулам (па пяць за ўдзел і непадпарадкаванне). Прычым адлік сутак пачнецца толькі сёння. З моманту затрымання: у той час калі Мікалая везлі са шпіталя ў РУУС.
Калі гэты артыкул вам спадабаўся і вы лічыце Мікалая годным перамогі на конкурсе, калі ласка, прагаласуйце за яго.