Як беларускія хрысціяне спрабавалі зарэгістраваць ФМ-радыё і што з гэтага атрысалася
Ні вернікі, ні рэлігійныя абшчыны Беларусі, нягледзячы на шэраг спробаў, не змаглі арганізаваць рэлігійнае ФМ-радыёвяшчанне.
Так, у 2015 годзе была распачатая спроба зарэгістраваць каталіцкае «Радыё Марыя» як грамадскую арганізацыю, выканаўчым рэдактарам якога з’яўляецца ксёндз Аляксандр Тарасевіч, а заснавальнікамі — свецкія вернікі. Аднак з рэгістрацыяй радыё паўсталі праблемы. «Чыноўнікі не ведаюць, хто з іх павінен адказваць за гэта», — заявіў Forum 18 прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юрый Санько.
У прыватнасці, у Міністэрстве юстыцыі заяўляюць, што рэгістрацыяй рэлігійнага радыё павінен займацца Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Там у сваю чаргу адзначаюць, што радыё не з’яўляецца рэлігійнай арганізацыяй, і таму да ведамства дачынення не мае. Тым не менш, ксёндз Юрый Санько выказаў аптымізм наконт будучыні радыё, бо «дыялог вядзецца».
Між тым Беларуская Праваслаўная Царква на спробу запусціць у Беларусі праваслаўнае радыё атрымала адказ з Міністэрства сувязі і інфарматызацыі аб тым, што свабодных ФМ-частот у Беларусі няма. «Мы чакаем прававой магчымасці, а пакуль у нас ёсць праграмы на дзяржаўных каналах», — распавёў прэс-сакратар БПЦ а.Сергій Лепін.
Таксама БПЦ спрабавала раней арганізаваць радыё «Сафія», для якога былі падрыхтаваныя дакументы на рэгістрацыю. Аднак фінансаў не хапіла на трансляцыю ў ФМ-дыяпазоне, і неўзабаве радыё зачынілася.
Біскуп Аб’яднанай Царквы Хрысціян Веры Евангельскай Сяргей Цвор адзначыў, што АЦХВЕ не падавала заявак на рэгістрацыю радыё, бо, паводле яго, яе атрымаць немагчыма.