«Якім бы ні было савецкае мінулае» — мінскія ўлады адказалі на прапанову знесьці помнік Калініну

На сайце Petitions.by з'явіўся адказ першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Мінска Дзмітрыя Шашка на зварот з прапановай знесці мінскі помнік савецкаму дзеячу Міхаілу Калініну, паведамляе svaboda.org.

7ef3a445_8efb_43ad_ad5f_eb7430721ea1_w1023_r1_s.jpg


63 карыстальнікі падтрымалі петыцыю, у якой пісалі, што Калінін «мае сумнеўнае дачыненне да сённяшняй Беларусі», згадвалася ягоная пастанова, якая забяспечыла законнасць палітычных рэпрэсіяў праз паскораны разгляд «расстрэльных» справаў без удзелу абвінавачанага і бяз права на апеляцыю.
Згадалі і тое, што Калінін падпісваў расстрэльныя спісы беларусаў.


Падпісанты палічылі немэтазгодным «аднаўленне помніку забойцу», у памяць забітых прапаноўвалі пазбавіць помнік статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, спыніць рэстаўрацыю помніку (рамонт ацанілі ў 134 066 рублі — як пяць новых помнікаў Касцюшку), ліквідаваць помнік як аварыйны, накіраваць сродкі з рэканструкцыі «на рэальна неабходныя для насельніцтва рэчы».
«Да савецкіх помнікаў можна аднесці значную частку архітэктуры гораду Мінску, — піша Дзмітры Шашок у адмове ад зносу. — Сама сталіца з'яўляецца своеасаблівым сымбалем савецкай эпохі.
Якім бы ні было савецкае мінулае, яго спадчыну, захаваную ў скульптурах і архітэктуры гораду, неабходна зберагчы для будучага пакалення. Дзякуючы захаваным культурным каштоўнасцям, якім налічваецца некалькі стагоддзяў, мы маем магчымасць бачыць іх аблічча, знаёміцца з культурай таго часу.
Таму лічым, што гістарычныя помнікі трэба захаваць дзеля нашчадкаў».
Пытанні пазбаўлення статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, адзначае Шашок, вырашаюцца Міністэрствам культуры. Рэканструкцыю, якую ў народзе празвалі «парніком Калініна», плануюць завяршыць да канца 2019 году.