«Ён парушыў, а чаго мы апраўдваемся?» Назіральніку вынеслі два папярэджанні за дзень

Два папярэджанні ў адзін дзень вынеслі назіральніку кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксею Лойку. Ён назірае на выбарчым участку №390 і з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам па Мінскай-Заходняй акрузе №102.

У цэнтры — намесніца старшыні камісіі па Мінскай-Заходняй акрузе Вольга Рунец.

У цэнтры — намесніца старшыні камісіі па Мінскай-Заходняй акрузе Вольга Рунец.


У трэці дзень датэрміновага галасавання ўчастковая камісія №390 вынесла яму папярэджанне за фатаграфаванне канцэрту ў калідоры школы. Канцэрты арганізоўваюцца з пачатку датэрміновага галасавання. Фотаздымак быў размешчаны на сайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Аднак назіральнік зрабіў яго ў калідоры школы, а не на тэрыторыі ўчасткаў. А ў першы дзень датэрміновага галасавання Аляксея запрашалі нават з участку паглядзець на гэты канцэрт.
Увогуле прэтэнзіі да назіральніка сябраў камісіі №390, ды і суседніх №389 і №391, зводзяцца да таго, што Аляксей Лойка апублічвае ўсё, што адбываецца падчас выбараў на ўчастках у мінскай школе №159.
«Сказалі, каб я больш не раздаваў каментароў "сваёй любімай Вясне"», — распавёў Аляксей Лойка пасля пасяджэння, на якім яму вынеслі папярэджанне.
Другое папярэджанне, ужо як доўгатэрміноваму назіральніку, Лойку было вынесена на пасяджэнні вышэйстаячай камісіі — акруговай камісіі па Мінскай-Заходняй акрузе №102.
«Новы Час» наведаў пасяджэнне камісіі ва Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска. На ім прысутнічала і старшыня ўчастковай камісіі №391 Іна Богдан. Менавіта яе заявай было ініцыявана гэтае пасяджэнне.



Іна Богдан напісала пра назіральніка, што ён «12 лістапада ў 19:07 уварваўся ў пакой, дзе размяшчаюцца дзве камісіі, з патрабаваннем сфатаграфаваць пратаколы першага дня датэрміновага назірання. Акрамя гэтага, ён таемна сфатаграфаваў іх, таму што праз некалькі гадзінаў уся інфармацыя была ў інтэрнэце».
Менавіта з гэтых пратаколаў «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пісалі пра завышаную яўку на ўчастку. На тым, дзе прысутнічаў Лойка, у пратаколе быў пазначаны 21 выкарыстаны бюлетэнь, а на суседніх, праз сценку, — у 10 разоў больш.
З фармулёўкай абвінавачвання выступіла намесніца старшыні акруговай камісіі Вольга Рунец. Яна была вельмі шматслоўна ў гэты вечар.
«Калі гэты назіральнік так патрабуе ад нас выканання выбарчага заканадаўства, значыць і сам мусіць яго выконваць!» — паўтарала некалькі разоў намесніца старшыні.
Камісія вырашыла, што, нягледзячы на тое, што Лойка з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам па Мінскай-Заходняй акрузе №102, паўнамоцтваў на фотаздымку на іншых участках, на якіх ён непасрэдна не назірае, не мае.
«Калі захацеў сфатаграфаваць пратакол па выніках дня галасавання — яго права! Але акрэдытацыі назіральніка на ўчастку №391 у яго няма», — разважае Вольга Рунец. Але і на тым участку, дзе ў яго ёсць акрэдытацыя, Лойка не можа зрабіць фотаздымак, бо гэта забаранілі рабіць усім назіральнікам. Нават ад місіі БДПІЧ АБСЕ.
«Ён увесь час піша нейкія неабгрунтаваныя скаргі, незразумела чаго вяшчае ў інтэрнэце, дае там процілеглую інфармацыю, дыскрэдытуе камісіі, кажа, што мы галоснасцю тут не займаемся…» — выдала на эмоцыях намесніца старшыні акруговай камісіі па Мінскай-Заходняй акрузе №102. Але яе перапыніў другі сябра камісіі фразай «Ён парушыў, а чаго мы апраўдваемся?»
Старшыня камісіі Таццяна Забаўская спытала ва ўсіх меркаванне пра меры, якія трэба прадпрыняць у адносінах да назіральніка. Адзін з прадстаўнікоў камісіі прапанаваў мінімум — папярэджанне, максімум — пазбаўленне акрэдытацыі. Сябра камісіі, які лічыць, што ў дадзенай сітуацыі камісія не мусіць апраўдвацца, пажартаваў: «расстраляць». Старшыня камісіі здзівілася на прапанову пазбаўлення Лойкі акрэдытацыі. Яна прапанавала вынесці папярэджанне — падтрымалі адзінагалосна.
Старшыня УВК №391 сыходзячы спытала, ці пазбавяць назіральніка акрэдытацыі, калі будзе яшчэ адно папярэджанне. Але старшыня камісіі ёй параіла не забягаць наперад. Адзін з сябраў камісіі звярнуў увагу, што ўжо мала часу, каб пазбаўляць акрэдытацыі. У размове з дырэктаркай школы намесніца старшыні АВК выказала спадзяванне, што Лойка ўсё ж зразумее сітуацыю «і будзе сам выконваць заканадаўства так, як ён гэта патрабуе ад нас».