«Кааліцыя лузераў». Лукашэнка стаў самым галоўным памагатым расійскага агрэсара
Беларусь аказалася на першым месцы ў міжнародным рэйтынгу хаўруснікаў Расіі. Рэйтынг краін, якія надалі найбольш істотную падтрымку расійскаму агрэсару, склала выданне The Economist.
![_belarus_pazarniki_mns_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__1_logo.jpg _belarus_pazarniki_mns_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__1_logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_pazarniki_mns_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У спіс увайшлі 12 краін, першае месца з якіх заняла Беларусь, уладу ў якой утрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Другое месца ў Арменіі, трэцяе — у Кыргызстана. Чацвёртае месца дзеляць Казахстан, Таджыкістан і Іран. Пяць з шасці гэтых краін належаць да АДКБ, адзначае выданне. Сёмы радок падзялілі Кітай, Венесуэла і Сірыя, а замыкаюць рэйтынг Нікарагуа, Індыя і Узбекістан.
Удзельнікі рэйтынгу ацэньваліся па 11 розных паказчыках падтрымкі Расіі ці залежнасці ад яе ў трох шырокіх абласцях: дыпламатычнай, ваеннай, эканамічнай.
.
![photo_2023_03_16_14_13_56.jpg photo_2023_03_16_14_13_56.jpg](/img/v1/images/photo_2023_03_16_14_13_56.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выданне адзначае, што ў дыпламатычным плане Расія ізаляваная, і толькі чатыры краіны (Беларусь, Нікарагуа, КНДР і Сірыя) паслядоўна галасавалі супраць рэзалюцый Генеральнай Асамблеі ААН, якія асуджаюць палітыку Расіі ва Украіне з 2014 года. Праўда, пры гэтым Паўночная Карэя ў спіс не ўвайшла.
Палітолаг Павел Усаў па-свойму інтэрпрэтаваў рэйтынг, складзены замежным СМІ. «Лічу такія "таблічкі" і "аналітычныя" запіскі негатыўнай міфатворчасцю, якая спрошчвае рэчаіснасць і стварае, адпаведна, цёмны воблік краіны і нацыі», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
«Замест таго, каб пісаць на сваіх старонках, каб казаць на міжнародных пляцоўках, што Беларусь была акупавана расійцамі, што ні ў воднай з вышэй зазначаных краін не было столькі войск агрэсара перад вайной, як у Беларусі — аўтары робяць з краіны монстра. І без таго беларусы адчуваюць на сабе дыскрымінацыю з боку еўрапейскіх краін, звычайныя еўрапейцы нават не спрабуюць і не ў стане правесці межы паміж беларусамі і расійцамі. І ўсе гэта — нягледзячы на жудасны тэрор у краіне, на тысячы людзей кінутых за краты ўнутры краіны», — зазначае палітолаг.
«Карысны ідыятызм — надзейная зброя ў руках Масквы», — дадаў ён.
Па меркаванні Усава, відавочным будзе і вынік такой «аналітыкі»: далейшая ізаляцыя Беларусі, далейшая дыскрымінацыя беларусаў, далейшы ўзрост негатыўнага ўспрыняцця і адносінаў да беларусаў на Захадзе. «Хаця менавіта заходні лібералізм узрасціў Пуціна і не бачыў у Расіі духу зла ўсе гэтыя гады», — лічыць Павел Усаў.