Кацярына Ваданосава: прапагандаваць культуру з асяродку цемры я не магу
Кацярына Ваданосава, якая вяла праграму «Жывая культура», сышла з тэлеканала «Беларусь-3». Тэлевядоўца адзначыла, што не ўяўляе, як зможа цяпер заходзіць «у машыну, расфарбаваную лагатыпамі дзяржтэлеканалаў, якія для мяне і для ўсіх сумленных людзей з'яўляюцца сімваламі хлусні, цемрашальства, злосці, цемры, няпраўды».
У сваім фэйсбуку Кацярына Ваданосава выклала фота заявы пра звальненне.
«Мне вельмі пашанцавала: я мела працу, якую любіла, якую ўмела рабіць, гэта было на сто адсоткаў "маё". Пакуль я не ўяўляю, як буду жыць далей без справы, якую лічыла галоўнай у сваім жыцці», — напісала Кацярына Ваданосава.
«Я ніколі не хлусіла, ніколі не падладжвалася, ніколі не гуляла ні словамі, ні сумленнем. Ё-маё, я нават, здаецца, была адным з двух людзей на целіку, якія гаварылі па-беларуску не толькі падчас здымкаў, але і ў рэальным жыцці!.. Але, на вялікі жаль, прапагандаваць культуру з асяродку цемры я не магу.
...Але зараз я не магу ўявіць, як я змагла б у верасні, з пачаткам новага здымачнага сезона, заходзіць у машыну, расфарбаваную лагатыпамі дзяржтэлеканалаў, якія для мяне і для ўсіх сумленных людзей з'яўляюцца сімваламі хлусні, цемрашальства, злосці, цемры, няпраўды».