«Калі думаеш, што дасягнуў дна, адтуль пачынаюць стукаць». Як родныя чакалі затрыманых на «Маршы мудрасці»


14 снежня на маршы пенсіянераў, па падліках валанцёраў, затрымалі каля 90 чалавек. Частку з іх адвезлі ў Ленінскае РУУС. TUT.BY падзяжурыў каля яго разам з роднымі затрыманых і людзьмі, якія проста прыехалі, каб падтрымаць і адвезці дадому тых, каго адпусцяць.

1_361.jpg

— Хто хоча кавы? — пытаецца хлопец гадоў 30 і нясе гарачую каву прысутным у чаканні родных каля Ленінскага РУУС. Здаецца, што нават праз маску адчуваеш кававых пах. Хтосьці не адмаўляецца, таму што стаіць тут, пад РУУС, ужо не адну гадзіну — здымае сваю маску, бярэ кардонную шкляначку ў рукі і робіць глыток.

— Кагосьці ўжо адпусцілі? — пытаецца мужчына, выходзячы з толькі што прыпаркаванай машыны.

— Не! — адказваюць некалькі галасоў адразу.

Мужчына прыехаў, каб дапамагчы тым, каго выпусцяць, дабрацца дадому. Пакуль валанцёры кажуць, што ў Ленінскім РУУС абяцалі адпусціць усіх, там больш за 30 затрыманых, да гэтага была інфармацыя, што адпусцяць толькі тых, хто старэйшы за 60 гадоў. Як будзе ў рэальнасці, пакуль не ведае ніхто.

2_331.jpg

Родныя чакаюць блізкіх побач з РУУС. Тут жа і валанцёры: яны дапамагаюць сваякам даведацца, ці ў гэтым РУУС затрыманыя, распавядаюць, дзе і калі можа быць суд, што можна перадаць у ізалятар. Усяго каля РУУС каля 20 чалавек. Прысутныя абмяркоўваюць, што калі затрыманых прывезлі ў РУУС, іх трымалі ў нейкай прыбудове. Яны гэта бачылі, калі адчыняліся вароты і на тэрыторыю РУУС заязджалі машыны.

3_306.jpg

Надзея таксама прыехала сёння ўвечары дапамагчы затрыманым пенсіянерам дабрацца дадому пасля таго, як іх адпусцяць з РУУС. Сярод затрыманых — яе знаёмая, з якой яны разам былі назіральнікамі на выбарчым участку падчас выбараў прэзідэнта.

— Сказалі, што тых, хто старэйшыя за 60 гадоў, адпусцяць, а ёй 67! — кажа дзяўчына.

Сёння ўвечары ўжо нават радуешся таму, што чалавек, старэйшы за 60 гадоў. Гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, ён будзе начаваць дома, а не ў ізалятары.

4_293.jpg

У Аляксандра затрымалі маму — Ірыну Аляксандраўну. Ёй 58 гадоў. Да пенсіі яна працавала кадравіком, была начальнікам аддзела кадраў на «Белрыбе».

— Глядзіце, — кажа ён і паказвае ў тэлефоне спіс выклікаў. — Яна мне патэлефанавала а 15.10, сказала, што іх вязуць і што ператэлефануе пазней. Праз 40 хвілін набрала і сказала, што вязуць у Ленінскае РУУС. Спачатку была інфармацыя, што тых, каму да 60 гадоў, а маме 58 гадоў, павязуць на ноч на ЦІП на Акрэсціна, і я паехаў дадому за цёплымі рэчамі, зубной пастай, сродкамі гігіены. Мама ўжо на пенсіі, але яшчэ трохі падзарабляе. Яе затрымалі ўпершыню. Яна ў мяне даволі маладая духам, думаю, яна гэта ўспрымае з усмешкай, як новы жыццёвы вопыт. Маральна, напэўна, цяпер кожны гатовы да таго, што можа туды патрапіць. Кожны, хто ходзіць на акцыі, аддае сабе справаздачу ў тым, якія могуць быць наступствы.

— Як вы ставіцеся да таго, што затрымліваюць пенсіянераў?

— Ну, як кажуць: калі думаеш, што дасягнуў дна, адтуль пачынаюць стукаць. Нічому ў нашай краіне, мне здаецца, ужо здзіўляцца не варта.

5_277.jpg

Да валанцёраў падыходзіць жанчына, яна шукае свайго мужа. Жанчына не верыць, што яго адпусцяць сёння. Яе мужу 69 гадоў, ён прымае пэўныя лекі, і яна хвалюецца, як іх перадаць.

— Напэўна, яны хочуць папалохаць як след пенсіянераў. Магчыма, гэтыя маршы былі для іх раздражняльным момантам. Так шмат пенсіянераў раней не затрымлівалі, а сёння 80 чалавек (паводле актуалізаванай інфармацыі валанцёраў, затрыманых больш за 90 чалавек. — прыма. TUT.BY)! Гэта вельмі шмат! Ён мне патэлефанаваў спачатку з плошчы і сказаў, што яны стаяць і іх узмоцнена запрашаюць у аўтобус. Я нават чула, як ім казалі праходзіць у аўтобус. Калі ён ужо быў тут, у РУУС, я з ім размаўляла, ён сказаў, што вельмі шмат жанчын і іх прапускаюць наперад. Але сказаў, што пратакол па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) будзе.

Каля РУУС стаіць Наталля. У яе сёння затрымалі маму, ёй 68 гадоў, і бабулю, ёй 89 гадоў.

— Улетку бабуля сама схадзіла ў краму, купіла смартфон, — апісвала раней TUT.BY 89-гадовую бабулю Наталля. — Мы ёй падключылі телеграм, таму яна ў курсе таго, што адбываецца.

Да нашай размовы падключаецца Таццяна. У яе затрымалі маму і яе сяброўку — абедзве 1945 года нараджэння, разам калісьці вучыліся ва ўніверсітэце, разам сёння былі затрыманыя на маршы і дастаўленыя ў Ленінскае РУУС. Яна кажа, што прывезла маме лекі і хацела іх перадаць, але ў РУУС не прынялі, нягледзячы на медыцынскія дакументы. Па словах дачкі, у мамы здараюцца раптоўныя страты прытомнасці.

— Сказалі, што калі стане дрэнна, то паспеюць выклікаць хуткую. Нават не ўзялі ваду з таблеткамі, — кажа Таццяна, яна сама па прафесіі медык. — Яны паводзяць сябе настолькі абыякава. Я не разумею, як можна быць у дачыненні да маладых і здаровых такімі нячулым, а гэта ж людзі, якія нікога не забівалі, гэта не злачынцы, гэтыя людзі ўсё жыццё працавалі, мае бацькі — інтэлігентныя людзі ў чацвёртым пакаленні — педагогі, інжынеры, настаўнікі…

— Іншыя не ходзяць, хачу вам сказаць! — дадае жанчына, якая стаяла побач.

Прыкладна ў 21.00 затрыманых на маршы пачалі выпускаць з Ленінскага РУУС.

А так адпускалі затрыманых на маршы пенсіянераў з Кастрычніцкага РУУС.