Сілавікі разагналі адзінаццаты Марш мудрасці ў Мінску. Удзельнікаў затрымалі
У Мінску людзі пажылога веку сабраліся каля Чырвонага касцёла на адзінаццаты марш пратэсту супраць гвалту і беззаконня, перадае Радыё Свабода.
На апошніх маршах сілавікі не давалі пратэстоўцам рухацца праспектам Незалежнасці, блакавалі і рассякалі калону, затрымлівалі і судзілі ўдзельнікаў. Гэтак выйшла і цяпер.
Каля сотні пенсіянераў сабралася на плошчы Незалежнасці ў Мінску, яны мелі з сабой нацыянальныя сцягі. Паколькі праспект быў перакрыты, яны пачалі ладзіць акцыю на плошчы, вадзілі карагод вакол ёлкі і скандавалі «Уходи!», «Жыве Беларусь!» Плошчу атачылі жоўтыя аўтобусы і мікрааўтобусы з сілавікамі, карагод разагналі, удзельнікаў акцыі пратэсту затрымалі і заборалі ў аўтобусы.
15.15. Як піша канал «Мая краіна Беларусь», затрымалі ўсіх, каго маглі, а адпусцілі толькі Яна Грыба і Ніну Багінскую. Пасля завяршэння затрыманняў адкрылі ўваход на станцыю метро «Плошча Леніна».
15.00. Карагод пенсіянераў на плошчы Незалежнасці скончыўся. Цяпер вакол ёлкі стаяць сілавікі ў чорным.
14.55. Некаторыя ўдзельнікі акцыі адыйшлі на ганак Чырвонага касцёла.
14.50. Сілавікі атачылі плошчу Незалежнасці і пачалі затрымліваць пенсіянераў, якія вадзілі карагод вакол ёлкі, і адводзіць іх у аўтобусы, паведамляе Онлайнер. Сілавікі не прапускаюць да плошчы нават грамадскі транспарт.
14.45. Мінскі метрапалітэн закрыў уваход у вестыбюль станцыі Плошча Леніна з боку Плошчы Незалежнасці.
14.40. Праспект Незалежнасці перакрыты. Паводле каналу «Глаза Минска», ДАІ перакрыла выезд на праспект Незалежнасці з боку вакзалу і Інстытута культуры. Уздоўж праспекта стаяць аўтобусы сілавікоў.
Удзельнікі маршу скандуюць: «Уходи!»
14.38. На мінскі Марш мудрасці на плошчу Незалежнасці прыбылі сілавікі, патрабуюць разысьціся.
14.35. Пенсіянеры таксама збіраюцца і на мінскім вакзале, там іх каля 20.
14.30. Каля 20 пенсіянераў выйшлі на марш у цэнтры Гродна. Яны трымалі бел-чырвона-белыя парасоны, гукалі «Жыве Беларусь». Яны змянілі месца збору.
Цяпер іх не суправаджала міліцыя, але здымалі «людзі ў цывільным». Удзельнікі маршу разышліся, затрыманняў не было відаць.
14.25. Каля кінатэатру «Цэнтральны» стаяць вялікія жоўтыя аўтобусы без нумароў. Паводле відавочцаў, унутры аўтобусаў знаходзяцца сілавікі.
14.20. Марш мудрасці ў Мінску пачаўся з карагоду вакол ёлкі і скандавання: «Жыве Беларусь!»
14.15. Сярод удзельнікаў акцыі заўважылі Ніну Багінскую з нацыянальным сцягам і Яна Грыба.
14.00. Людзі пачалі збірацца ля Чырвонага касцёла. Сабралася каля сотні чалавек, ёсць нацыянальныя сцягі. Тут жа відаць машыны ДАІ.