ГУУС: у нядзельных акцыях удзельнічала не больш за 800 чалавек, больш за 300 было затрымана

Паводле звестак ГУУС, у Мінску ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах удзельнічала каля 800 чалавек, больш за 300 чалавек было затрымана, паведамляецца на сайце ведамства.

marsz6_201213_z5932.jpg


«13 снежня, з 12 гадзін у розных раёнах сталіцы збіраліся групы грамадзян( агульная колькасць не перавысіла васьмісот чалавек), якія пазначалі сябе незарэгістраванай сімволікай. Удзельнікі несанкцыянаваных мерапрыемстваў неаднаразова папярэджваліся аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў. Тыя, хто не рэагаваў на просьбы, і найбольш актыўныя грамадзяне былі затрыманыя» — цытуе TUT.BY паведамленне ГУУС.

«За парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Мінска затрымана больш за трыста грамадзян — па арт. 23. 34 КаАП Рэспублікі Беларусь за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама па арт.23. 4 КаАП Рэспублікі Беларусь за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», — гаворыцца ў паведамленні.

«Варта адзначыць, што некаторыя з затрыманых грамадзян раней прыцягваліся да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а некаторыя асобы аказалі актыўнае непадпарадкаванне законным патрабаванням праваахоўнікаў», — паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

632d995b_ea34_4c50_a68a_c4e9491f3737.jpg


СМІ пішуць пра больш як 120 мясцовых акцый і шэсцяў. Калі верыць звесткам ГУУС, то ў кожнай з іх павінна было ўдзельнічаць не больш за 8 чалавек.

Падчас акцый былі затрыманыя карэспандэнт «Белсата» Станіслаў Івашкевіч, выпускаючы рэдактар Onliner Мікалай Градзюшка, а таксама фатограф Генадзь Верацінскі.