Нарвежская Yara зноў паразмаўляла з «Беларуськаліем» пра правы працоўных

Гендырэктар Yara International Свейн Тор Холзетэр ў суправаджэнні карпаратыўнага прадстаўніка супрацоўнікаў Yara International Гейра О. Сундба і двух іншых прадстаўнікоў менеджменту 10 снежня наведаў Беларусь.


Перамовы за зачыненымі дзвярыма паміж менеджмэнтам Yara і «Беларуськаліем» прайшлі ў цэнтральным офісе Беларускай калійнай кампаніі, паведамляе АФН са спасылкай на сайт Беларускага Незалежнага прафсаюза.

Па словах Свейна Торы Холзетэра, абмяркоўвалася пытанне адпаведнасці «Беларуськалія» кодэксу паводзін дзелавых партнёраў Yara. У гэтай сувязі нарвежская кампанія ўзгадніла некалькі патрабаванняў, пералік якіх будзе апублікаваны ў бліжэйшы час.

Акрамя гэтага, у БКК прайшла сустрэча карпаратыўнага прадстаўніка кампаніі Yara і старшыні Белхімпрафсаюза на «Беларуськаліі». Большасць пытанняў, паднятых нарвежскім прафсаюзным дзеячам, тычыліся аховы працы і тэхнікі бяспекі, няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам на прадпрыемстве, магчымай дыскрымінацыі па прыкмеце сяброўства ў прафсаюзе, пакарання за ўдзел у страйку, пытанняў тарыфнага пагаднення і да таго падобнае.

Пасля сустрэч у БКК, у пасольстве Швецыі ў Мінску адбылася сустрэча прадстаўнікоў Yara з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў. Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў прадставіў яго прэзідэнт Аляксандр Ярашук; беларускі незалежны прафсаюз прадставілі яго старшыня Максім Пазнякоў і міжнародны сакратар БНП Лізавета Мярляк.

Прадстаўнікі незалежнага прафсаюза растлумачылі шэраг пытанняў, якія ўзніклі падчас сустрэчы з кіраўніцтвам «Беларуськалія» і Белхімпрафсаюзам. Сустрэча доўжылася дзве гадзіны; і дзве дэлегацыі дамовіліся трымаць адна адну ў курсе далейшага развіцця сітуацыі.

Напярэдадні візіту ў Беларусь, 5 снежня Свейн Торы Холзетэр заявіў, што Yara «бягучая сітуацыя не задавальняе»: «Я вельмі выразна выклаў пазіцыю Yara ў гутарках з шэрагам зацікаўленых бакоў, у тым ліку з паслом Беларусі ў Скандынавіі Дзмітрыем Мірончыкам. Мы павінны бачыць істотнае паляпшэнне ўмоў і адносін з персаналам “Беларуськалія”, спыненне рэпрэсій, а таксама паляпшэнне ўмоў бяспекі працы».

Нарвежская кампанія Yara — найбуйнейшы сусветны вытворца угнаенняў. БКК традыцыйна працуе з ёй па пяцігадовым кантрактам. Да прыкладу, па дамове 2011-2015 года БКК пастаўляла кампаніі Yara больш за 1 мільёна тон калійных угнаенняў штогод. Цэны на хлорысты калій, які пастаўляецца Yara, разлічваюцца зыходзячы з шэрагу рынкавых індыкатараў.

Ураду Нарвегіі належаць 36,2% акцый Yara, інстытуцыянальным інвестарам — 30,34%. Прадпрыемствы Yara размяшчаюцца амаль у 50 краінах свету, аб’ём вытворчасці перавышае 20 мільёнаў тон угнаенняў у год. У 2016 годзе выручка Yara склала 11,4 мільярда долараў, прыбытак да падаткаабкладання (EBITDA) — 1,9 мільярда долараў. Продажы угнаенняў ў 2016 годзе склалі 27,2 мільёнаў тон.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: