Камісія па нацбяспецы Літвы праверыць супрацу «Беларуськалія» і «Літоўскіх чыгунак»

Міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс папросіць урадавую камісію па нацыянальнай бяспецы ацаніць пагадненні «Літоўскіх чыгунак» і «Беларуськалія», піша «Новая газета — Балтыя».

s149tsnl3mhr02a54nzu.jpg

Камісія вырашыць, ці адпавядае пагадненне інтарэсам нацбяспекі Літвы.

З 8 снежня ўвайшлі ў дзеянне санкцыі ЗША супраць «Беларуськалія», які перавозіць свае ўгнаенні праз Клайпедскі порт і чыгуначную інфраструктуру Літвы. Санкцыі ЗША не распаўсюджваюцца на Літву, таму далейшае выкананне абавязацельстваў будзе залежаць ад рашэнняў дзяржаўных органаў Літвы і пазіцыі банкаў па апрацоўцы плацежных даручэнняў «Беларуськалія».

Уведзеныя Еўрасаюзам санкцыі супраць «Беларуськалія» не распаўсюджваюцца на кантракты, падпісаныя да чэрвеня гэтага года.

Паводле звестак LRT, у снежні грузы «Беларуськалія» ўсё яшчэ будуць ісці праз Літву. Па дамове з «Літоўскімі чыгункамі» беларуская кампанія ўжо разлічылася за правоз гэтых грузаў у Клайпедскі порт. Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шымоніце заявіла, што пасля ўступлення ў сілу санкцый ЗША ў дачыненні да «Беларуськалія» транзіт прадукцыі кампаніі праз Літву не павінен працягвацца доўга.