Кіраўнік МЗС Літвы мае намер сысці ў адстаўку з-за сітуацыі з транзітам «Беларуськалія»

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс паведаміў прэм'ер-міністру краіны Інгрыдзе Шыманіце пра намер сысці ў адстаўку. Ён чакае яе адказу.

landsbergis_2.jpg


«Учора я сказаў прэм'ер-міністру, што гатовы сысці ў адстаўку і чакаў, пакуль яна прыме рашэнне. Я разумею рэпутацыйную шкоду Літве», — цытуе Ландсбергіса REFORM.by са спасылкай на Delfi.

Ландсбергіс адзначыў, што пакуль не атрымаў адказу. Яго крок звязаны з сітуацыяй вакол транзіту «Беларуськалія» праз Літву.

Літоўская чыгунка паведаміла, што ён працягнецца ў снежні пасля ўступлення ў сілу санкцыі ЗША ў дачыненні да беларускага прадпрыемства, бо вытворца ўгнаенняў праплаціў паслугі авансам. Усяго праз Літву павінна прайсці каля мільёна тон. Дырэктар Літоўскай чыгункі Мантас Бартушка заяўляў, што яны не могуць адмовіцца ад выканання абавязацельстваў. Рашэнне павінна прымацца на ўрадавым узроўні, каб дарога магла пазбегнуць штрафаў. Пры гэтым, па словах Бартушкі, ён паведамляў аб атрыманых авансах МЗС і Мінтрансу.

Тым часам апазіцыя ў Літве заклікае ўрад узяць на сябе адказнасць у сувязі з гэтай сітуацыяй.

Раней ва ўрадзе заяўлялі, што чакаюць спынення транзіту калійных угнаенняў з Беларусі ў снежні. Трэба адзначыць, што санкцыі ЗША наўпрост не датычацца літоўскіх кампаній. У Літве чакалі, што банкі перастануць абслугоўваць плацяжы «Беларуськалія». Між тым еўрапейскія сектаральныя санкцыі не закранаюць асноўны від калійных угнаенняў, а таксама не тычацца кантрактаў, заключаных да ўступлення абмежаванняў у сілу. У Літоўскай чыгункі ёсць кантракт на перавозкі з беларускім вытворцам, сапраўдны да 2023 года. Ён быў падпісаны ў 2018 годзе.