Кампанія “Гавары праўду” будзе наноў дамагацца рэгістрацыі

Вярхоўны суд адхіліў скаргу «Гавары праўду» на дзеянні міністэрства юстыцыі, якое адмовіла ў рэгістрацыі адпаведнага грамадскага аб’яднання. Уладзімімр Някляеў заяўляе, што яны не адступяць.  



100_5902.jpg

Суддзя Вярхоўнага суда Валянціна Кулік пагадзілася з аргументацыяй, якую прадставіў Мінюст, а менавіта, што рэгістранты «непапраўна» парушылі працэдуры, неабходныя для легалізацыі кампаніі «Гавары праўду».

Напрыклад, адным з парушэнняў міністэрства палічыла пратэрмінаваны гарантыйны ліст аб прадстаўленні юрыдычнага адрасу меркаванага ГА. Другім парушэннем, на думку Мінюста, ёсць нявызначанасць колькаснага складу праўлення арганізацыі, хоць, паводле прадстаўнікоў «Гавары праўду», гэты спіс дакладны і складаецца з пяці канкрэтных асобаў. Дарэчы, на ўстаноўчым сходзе, які ладзіўся ў сталіцы яшчэ 13 красавіка бягучага годf і ў якім удзельнічалі блізу 60 дэлегатаў з Мінску і абласных цэнтраў, кіраўніком ГА быў абраны экс-кандыдат у прэзідэнты, паэт Уладзімір Някляеў. А ягоным намеснікам стаў Андрэй Дзмітрыеў.  

Уладзімір Някляеў пагадзіўся пракаментаваць «Новаму часу» вынікі судовага пасяджэння.

Як вы патлумачыце вынікі судовых разглядаў і дзеянні ўладаў увогуле адносна рэгістрацыі ачоленай вамі кампаніі «Гавары праўду»?

— Калі скласці ў адзін час тое, што мы затрацілі на арганізацыю, правядзенне ўстаноўчых сходаў, паездкі людзей, выдаткі на гэта, на складанне дакументаў, на іх падачу, на суды, якіх было ўжо тры, і гэтак далей, то выйдзе, што на тое, што ў любой прававой краіне займае хвіліны, ну, хай сабе некалькі гадзінаў, у нас заняло ўжо з паўгода. І яны ж не шкадуюць свайго часу, каб пісаць тую лухту, што яны пішуць. Маўляў, нельга зарэгістраваць грамадзянскую кампанію «Гавары праўду» таму, што ёсць, як яны кажуць, «неустранимые препятствия». На адным судзе мы пытаемся: якія? Аказваецца, што ў паперы, дзе надрукаваны нумар пашпарта аднаго з заяўнікаў, у апошніх лічбах выйшла памылка: замест «52» было напісана «62». Звычайная абдрукоўка, і маглі б пазваніць і сказаць, каб прыехаў хто-небудзь з нашых і прывёз папраўлены перадрукаваны аркуш паперы.

На другім судзе кажуць, што «неустранимое препятствие» — гэта тое, што мы падалі юрыдычны адрас у той час, калі правялі сход, ён быў адзін, а пакуль яны наўмысна цягнулі з рэгістрацыяй, адрас памяняўся. Яны не проста фармальна сябе паводзяць, яны дакладна ведаюць: што б яны ні рабілі, вядома, які будзе загад, як ім сябе паводзіць і што пісаць, каб кампанія «Гавары праўду» не была зарэгістраваная. Як, зрэшты, і іншыя. Напрыклад, ініцыятыва «За свабодныя выбары», якую таксама не зарэгістравалі з тае прычыны, што ў іх частка тэксту была не надрукаваная, але напісаная ад рукі. Калі ўсё гэта абагульніць, то выйдзе фарс у страчаным часе.

Фабула і сюжэт

Гэта, па словах Уладзіміра Някляева, толькі фабула. Але ёсць яшчэ і сюжэт, прычым больш складаны.

— Ён палітычны і заключаецца ў тым, што пры ўсёй дэкларацыі і дэманстрацыі ў бок Еўразвязу і ЗША нейкіх зменаў, нядаўняя палымяная прамова Лукашэнкі датычна выбарчага заканадаўства дэманструе, што тут ніхто нічога не збіраецца мяняць. Гэты рэжым знайшоў апірышча на беззаконні, на гвалце, на сілавым рашэнні ўсіх пытанняў. Толькі на гэтым ён можа стаяць, але да таго часу, пакуль мы яго не скінем.

— У беларускім крымінальным заканадаўстве існуе артыкул 193-прым, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ці не стане цяперашняе рашэнне Вярхоўнага суда перашкодаю для дзейнасці кампаніі «Гавары праўду»?

— Адной з прычынаў нашых спробаў зарэгістраваць кампанію «Гавары праўду» ёсць спроба процідзеяння наступствам, якія вынікаюць з артыкула 193 КК РБ. За гэта ўжо сядзелі людзі, за гэта падпадалі пад пераслед і нашы актывісты. Дык вось, пакуль у працэсе разгляду знаходзіцца заява на рэгістрацыю, арганізацыя, якая падала заяву на гэтую рэгістрацыю, знаходзіцца ў легальным стане. Яна спрабуе дзейнічаць у прававым полі, і значыць, яе актывісты бароняцца гэтым міфічным, але ўсё ж законам. Нашых актывістаў затрымлівалі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, потым аказвалася, што наша структура знаходзіцца ў стане рэгістрацыі, і ім гэтае абвінавачванне адмянялася. Гэта вельмі істотная прычына, па якой мы займаемся рэгістрацыяй. У сераду мы сабралі аргкамітэт, які будзе займацца чарговым устаноўчым сходам. Пасля якога мы ўжо чацвёртым разам будзем спрабаваць зарэгістравацца.