«Кампутар нешта наблытаў»: Работнікі малаказавода ў Маладзечне пратэставалі з-за нізкіх заробкаў

Блогер Расціслаў Чапурной 11 траўня апублікаваў у сябе ў Instagram відэа пра хваляванні на Маладзечанскім вытворчым участку ААТ «Мінскі малочны завод № 1». Работнікі прадпрыемства сабраліся на прахадной, скардзіліся на нізкія заробкі і чакалі начальства.

c8d5024dcc49a2f60b2a4fde921a693b.jpg


Рабочыя на камеру расказалі, што праблемы пачаліся пасля таго, як у лютым 2022 года Маладзечанскі малочны камбінат стаў вытворчым участкам Мінскага малочнага заводу. Вакансіі на прадпрыемстве ёсць, але заробак — 200-300 рублёў, у той час як раней людзі атрымлівалі 800-1000, «і праца была, і заяўкі добрыя».

Скарацілася і колькасць работнікаў: паводле іх слоў, калі раней на камбінаце працавалі 200 чалавек, то цяпер — 50.

«Народ ужо за траіх пагадзіўся працаваць, каб грошы атрымаць. Бо жыць кожнаму хочацца, і есці кожнаму хочацца, а зарплата не павышаецца, — расказваюць маладзечанцы.

Абураныя працоўныя выйшлі 11 траўня да прахадной у надзеі, што «нешта памяняецца». На размову яны выклікалі і кіраўніцтва — па іх словах, яно на сустрэчу згоднае і нават збіралася прыехаць у Маладзечна з Валожына. Калі на іх умовы не пойдуць, гавораць работнікі завода, яны гатовы звольніцца.

Як пішуць у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах, на цяперашні момант забастоўка на Маладзечанскім малочным камбінаце спынілася: па непацверджанай інфармацыі, у адказ на прэтэнзіі па заробках рабочым заявілі, што гэта «кампутар там нешта наблытаў пры падліках зарплаты».