Сілавікі сарвалі забастоўку таксістаў у Баранавічах

Кіроўцы хацелі абмеркаваць праблемы і сфармуляваць патрабаванні да расійскай платформы «Яндэкс» для паляпшэння аплаты і ўмоў працы. Таксісты збіраліся на страйк у Баранавічах, але іх ужо чакала міліцыя,піша intex-press.by.

zabastovka_taksistov_2_987.jpg

Інфармацыя пра тое, што баранавіцкія таксісты «Яндэкс Go» незадаволеныя новымі зменамі ў сістэме аплаты і збіраюцца 10 траўня страйкаваць, яшчэ напярэдадні хутка распаўсюджвалася па сацсетках. У 7 раніцы таксісты планавалі з'ехацца «на буйны страйк» на паркоўцы ля гандлёвага цэнтра «Карона».

Аднак у гэты дзень, з самай раніцы на паркоўцы ля ГЦ дзяжурыла тры аўтамабілі ДАІ і бус МУС. Як толькі на паркоўку пад'язджалі таксі, да машыны падыходзілі інспектары і прасілі адсюль з'ехаць. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі перапісвалі нумары аўтамабіляў. Дарэчы, калі таксіст мог даказаць, што прыехаў на заказ, то яму дазвалялі заставацца і без праблем чакаць свайго пасажыра.

Як распавялі кіроўцы «Яндэкс Go», у гэты дзень яны хацелі сабрацца і абмеркаваць свае праблемы, каб сфармуляваць патрабаванні да платформы «Яндэкс таксі», якая знізіла тарыфы.

Сярод іншага баранавіцкія таксісты хочуць, каб расейская платформа падвысіла аплату за падачу аўтамабіля да 2 рублёў, тады як цяпер гэтая сума складае 1,40 рубля.

Кіламетр праезду па Баранавічах цяпер каштуе 41 капейку, па раёне 70 капеек. Кіроўцы таксі, хацелі б, каб гэтыя сумы павысілі, хоць бы на 50 капеек.

Таксама ёсць прапановы па змене ў сістэме выстаўлення зорак, адмене гарантаванай сумы ў 150 рублёў за выкананне 45 заказаў у змену і многае іншае.

Кіроўцы скардзяцца, што цяпер, каб нармальна зарабіць, ім даводзіцца працаваць па 16 гадзін у суткі без перапынкаў. З іх слоў, вялікая колькасць аварый з удзелам «Яндэкс-Таксі», абумоўленая стомленасцю ад працяглых змен, на якія яны выходзяць кожны дзень. Пры гэтым заробкі ў кіроўцаў застаюцца ранейшымі, а кошты на паліва і абслугоўванне аўто ў апошнія некалькі месяцаў пастаянна растуць. Каб гэта ўсё кампенсаваць, таксістам трэба ўсё больш зарабляць, а для гэтага яшчэ больш часу праводзіць за рулём.

Нагадаем, што мінулым тыдні баставалі бабруйскія таксісты.