Каму перашкаджае гродзенскі бровар?
Пажар на гродзенскім бровары здарыўся ў нядзелю, 21 мая. Прычыны яго пакуль не вядомыя, але вынікі пажару — адчувальныя. У прыватнасці, поўнасцю згарэў дах піўзавода.
Ратавальнікі, міліцыя і следчыя шукаюць прычыну пажару. Сярод асноўных версій — неасцярожнае абыходжанне з агнём і падпал.
Карэспандэнт “Радыё Рацыя” запытаў гродзенцаў, што яны думаюць пра здарэнне:
— Гэты будынак вельмі доўга пуставаў. Зараз зямля вызваліцца, можа што і пабудуюць. Бровар стаяў без рэстаўрацыі. Там хацелі зрабіць музей. Але, відаць, захацелі па-іншаму вырашыць гэтую праблему. Сумна, вельмі сумна, калі бачыш, што з ім стала. У цэнтры Гародні засталося вельмі мала гістарычных будынкаў. Галоўнае, каб не падпалілі нашыя замкі і не пабудавалі там супермаркеты.
Будынак бровара пасля пажару надалей не ахоўваецца і на яго тэрыторыю можна трапіць без перашкод.
Будынак гродзенскага бровара вядомы з 17 стагоддзя як палац, які належаў славутаму роду Сапегаў. Доўгі час улады Гродна спрабавалі знайсці прымяненне будынку, які некалькі разоў выстаўлялі на аўкцыён. Аднак інвестара не знайшлося.
Стары будынак піўзавода знаходзіцца на беразе Нёмана ў цэнтральнай частцы Гародні.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота s13.ru і Hrodna.life