З Фарнага касцёлу ў Гродне знялі фігуры святых (фота)

Каштоўныя барочныя скульптуры знятыя часова — на рэстаўрацыю. Так, некалькі год таму былі адрэстаўраваныя фігуры апосталаў Пятра і Паўла, якія сустракалі наведнікаў касцёла ля ўваходу.

06c_logo.jpg


Агулам былі знятыя тры драўляныя скульптуры: св. Тэрэзы, невядомага святога і непасрэдна св.Францішка Ксаверыя, імем якога названы касцёл. Калі фігуры з дапамогай крану спусцілі ўніз, стала бачна, наколькі яны пашкоджаныя часам: пэўныя кавалкі абабітыя, іншыя ледзве трымаюцца. Уся аперацыя заняла каля трох гадзін.


Фігуру св. Францішка, праўдападобна, знялі з п’едэсталу ўпершыню за 300 год — сваё месца ён займаў ад часу пабудовы касцёлу ў першай палове XVIII ст. З двума іншымі скульптурамі — яшчэ цікавей. Драўляныя выявы св.Тэрэзы ды невядомага святога з барадой першапачаткова стаялі зусім не на Фарным, а на Кармеліцкім касцёле і былі адтуль знятыя толькі на пач. ХХ ст., калі будынак касцёлу разбіралі на цэглу для будаўніцтва казармаў для рускіх жаўнераў.

probaszcz_stanislau_kuczynski_logo.jpg


Пробашч гарадзенскай Катэдры Станіслаў Кучынскі спадзяецца, што фігура св.Францішка будзе не толькі адноўленая, але яшчэ і атрымае пазалочаны крыж. Падобная практыка ўжо ёсць: пазалочаныя элементы вярнуліся на скульптуры апосталаў, якія былі адрэстаўраваныя ў першую чаргу.