Каму ў Беларусі на могілках вандалізмам займацца можна

Крымінальная справа ў дачыненні да раскурочванняў на могілках «Экімань» на ўскраіне Полацка вандалаў перададзена ў суд Полацкага раёна і горада Полацка. Траім жыхарам Полацка 1990 і 1999 гадоў нараджэння за пашкоджанне ў ноч з 6 на 7 лістапада 2015 года 67-і магіл, падпалы вянкоў і крыжоў пагражае да 12-і гадоў пазбаўлення волі. Такая навіна прайшла па беларускіх СМІ 24 траўня.

rr_1.jpg

Справа рэзанансная і заслугоўвае пакарання вінаватых. Але, на жаль, гэта толькі адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі праваахоўнікі давялі да суда справу аб апаганенні магіл. Мабыць, справа ў тым, што вандалы разбуралі магілы рукамі і нагамі, а не пусьцілі ў ход экскаватары. Як гаворыцца, што дазволена Юпітэру, не дазволена быку. Інакш, чым растлумачыць, што за апошні год ні аднаго з будаўнікоў дамоў і дарог на касцях так і не пакаралі?
Дзе былі праваахоўнікі, калі мясцовыя ўлады дазволілі будаўніцтва на месцы каталіцкіх могілак XVIII-XIX стагоддзяў у Бялынічах? Калі толькі пасля ўмяшання грамадскіх актывістаў і каталіцкага духавенства ў асобе біскупа Аляксандра Яшэўскага ўдалося спыніць будоўлю і запрасіць археолагаў.
Дзе справы за вандалізм за будаўніцтва жылога дома на месцы былых яўрэйскіх могілак у Мазыры? Як адзначае лідэр Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман, у 2003 годзе тут ужо вырылі катлаван, з-за чаго ўчастак каля яго быў проста усеяны чалавечымі косткамі. Але вось 6 ліпеня 2015 года мясцовы райвыканкам зноў дазваляе будаўніцтва. Няўжо могілкі зніклі куды-небудзь за гэты час?
Ці зверуць увагу праваахоўнікі на намер кіраўніцтва мінскага Спецкамбіната, які курыруе стан могілак сталіцы, у жніўні 2017 года зрабіць «прыгожа» і радыкальна упарадкаваць тэрыторыю знакамітых Вайсковых могілак, — гарадскога некропаля, на якім пахавана мноства знакамітых людзей. У планах знесці старыя крыжы і надмагіллі, за якімі ніхто ўжо не даглядае, спілаваць не фарбаваныя агароджы, выразаць «непатрэбныя» дрэвы.
Толькі пачатак будаўніцтва ў Мінску 1-га гарадскога транспартнага кальца на месцы былых Лютэранскіх могілак у межах вуліц Купрыянава — Карла Лібкхнехта — завулка Дамашэўская, калі пад коламі і гусеніцамі будаўнічай тэхнікі выявілася мноства костак, чэрапаў і надмагілляў, прыцягнула ўвагу праваахоўнікаў. І то пасля шырокага рэзанансу СМІ. Зараз будаўніцтва спынена, за справу ўзяўся Следчы камітэт, але, як лічыць пісьменнік Віктар Марціновіч, «вынікі праверкі вельмі лёгка прадказаць: экспертыза канстатуе, што чалавечыя косткі належаць улічаны пахаванню, дазвол на яго знішчэнне ёсць, калупаць далей». Вялікая верагоднасць таго, што да такіх жа высноў прыйдзе і пракуратура, а значыць будаўніцтва дарогі працягнецца. Як заяўляюць у КУП «ГородСтрой», усё для людзей. І ўсё роўна, што ў людзей на могілках пахаваныя продкі, парэшткі якіх зараз могуць пакаяцца на сметніку.
Імкненне пабудаваць дом або дарогу на касцях, або проста зрабіць «прыгожа», закранае ўсе канфесіі без выключэння. Тут і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты, і іудзеі. Хіба, што мусульман за мінулы год не закранулі каўшом экскаватара.
І праходзіць усе заўсёды па адной схеме: спачатку атэістычныя савецкія ўлады раўняюць могілкі з зямлёй, затым тут утвараецца парк, пустка ці проста закінуты ўчастак, на якіх ужо ўлады посткамуністычнай Беларусі даюць дазвол на будаўніцтва. І не бянтэжыць нікога, што яшчэ 50-70 гадоў таму тут былі нармальныя, звычайныя могілкі, што тут пахаваныя людзі, у тым ліку чыесьці бацькі, дзяды, прадзеды — сваякі.Безумоўна, не ва ўсім тут вінаватыя ўлады. Шмат у чым віна і праславутай пасляваеннай урбанізацыі, калі людзі сталі масава пераселяцца з вёсак у гарады, культура, традыцыі і могілкі якіх для іх былі чужымі. Часцяком застаюцца яны такімі і сёння.
Але хіба ўлады не ведалі, дзе знаходзяцца пахаванні? Хіба ў беларускіх гарадах няма экспертаў, якія ведаюць іх мінулае, ведаюць гісторыю іх могілак? Хіба нельга было запрасіць археолагаў, а не экскаватаршчыка, якія ў выпадку такі ўжо надзвычайнай патрэбы маглі б правесці перапахаванне памерлых?Чаму гэта не робіцца? Эканомія сродкаў? Але сёння зэканоміў ты, а заўтра ўжо тваю магілу вывезлі на сметнік. Няведанне? Дык можа, такім чыноўнікам варта пашукаць іншае месца працы, калі яны некампетэнтныя на сваім сённяшнім месцы? Невыборность чыноўнікаў, а іх прызначэнне ў рамках вертыкалі? Магчыма, калі б кіраўнікоў райвыканкамаў выбіралі, яны б задумаліся, ці варта вывозіць магілы сваякоў тваіх выбарнікаў на звалку. Ці ж проста наплявацельскае стаўленне на ўсё і ўся? Ці ўсё гэта разам узятае?
Так, ці будуць распачатыя крымінальныя справы па фактах будаўніцтва на месцы могілак у Мінску, Мазыры, Бялынічах? Частка 1 артыкула 347 КК прадугледжвае за здзек над трупам або магілай, альбо выкраданне трупа, альбо выкраданне прадметаў, якія знаходзяцца ў пахаванні, пакаранне аж да трох гадоў пазбаўлення волі. Ці будзе яна прымяняцца ў дачыненні да вандалаў з экскаватарам і ва ўладных кабінетах, або яе доля - толькі п'яныя падлеткі і іншыя аматары пусціць у ход рукі і ногі на могілках?
Паводле Krynica.info