Загадкі калонаў могілак Петрыкава
На Гомельшчыне на гарадскіх могілках Петрыкава знаходзяцца загадкавыя калоны. Паспрабуем разабрацца ў іх сімволіцы.
Калоны, помнік гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, для свайго "ўзросту" захаваліся даволі нядрэнна, піша kimpress.by. Паводле звестак кнігі “Памяць”, яны былі пабудаваны на могілках у знак пратэсту супраць трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, — але час і вандалы пакінулі на іх свае адзнакі: ад лішайніку амаль зусім абсыпалася тынкоўка і пачала разбурацца цэгла, садраныя шыльды з надпісамі вымушаюць толькі здагадвацца пра сапраўднае значэнне помніка. На жаль, больш звестак пра калоны, што “перажылі” вайну 1812 года, рэвалюцыю, дзве сусветныя вайны, няма.
Пасля першага ўражання ад узросту калон у вочы кідаецца незвычайная разнастайнасць геаметрычных форм: куб, цыліндр, трохгранная прызма, васьмікутнік, што стварае атмасферу нябачнага храма і дадае адчуванне сувязі з невядомым архітэктарам. Паспрабуем прачытаць хаця б відавочныя сімвалы, зашыфраваныя ў застылай мове калон.
Адна з іх, прыкладна чатыры метры ў вышыню, мае форму цыліндра, умацаванага на чатырохкутнай аснове. Дзве іншыя вельмі падобны да першай, але замест цыліндра тут — васьміграннік. Астатнія дзве калоны значна вылучаюцца на агульным фоне: першая — цыліндрычная будова, увянчаная яблыкам-дзяржавай; другая ўяўляе з сябе трохгранную прызму на чатырохкутнай аснове. Дарэчы, такі пастамент характэрны для ўсіх калон. Цікавасць выклікае і размяшчэнне: “прызма”, “васьмікутнікі” і “дзяржава” знаходзяцца побач, утвараючы пэўную кампазіцыю, а адна з калон вынесена далёка ў левы бок.
Звернемся да самых прыкметных калон: наяўнасць вянца ў выглядзе дзяржавы сімвалізуе завершанасць увасобленай у гэтай забудове думкі аўтара. Інсігнія, ці сімволіка вышэйшай манархічнай улады, уяўляе з сябе ўвянчаную крыжам сферу з каштоўнага металу, паверхня якой упрыгожана самацветамі і святой сімволікай. Дзяржавы, або дзяржаўныя яблыкі (як называлі іх на Русі), сталі атрыбутамі ўлады шэрагу заходнееўрапейскіх манархаў задоўга да ўступлення на царства Барыса Гадунова (1698), аднак уводзіны іх ва ўжытак рускіх цароў не варта лічыць безумоўным перайманнем. Запазычанай магла аказацца толькі рэчыўная частка рытуалу, але не яго глыбіннае значэнне і сімволіка самога “яблыка”.
Іканапіснай правыявай дзяржавы з’яўляюцца зярцалы архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла — як правіла, залатыя дыскі з ініцыяламі Ісуса Хрыста або паясным малюнкам Эмануіла. Такое зярцала, а ўслед за ім і дзяржаўны яблык, сімвалізуе Царства Нябеснае, улада над якім належыць Ісусу Хрысту і праз абрад памазання “дэлегуецца” праваслаўнаму цару. Той абавязаны прывесці свой народ на апошнюю бітву з Антыхрыстам і перамагчы яго ваяроў.
Гэтае ўкладзенае ў дзяржаву містыкадагматычным светапоглядам рускіх людзей XVI стагоддзя хрысціянскае эсхаталагічнае ўтрыманне, нікім пасля не аспрэчанае, наводзіць на думку аб невыпадковым размяшчэнні калон на могілках. Што гэта? Знак прысягі пахаваных тут архангелам і Богу? Калі праявай дзяржавы з'яўляюцца зярцалы (перакладаецца са стараславянскай не толькі як "люстэрка", але таксама як "трохгранная прызма" (!), з арлом наверсе і з трыма ўказамі Пятра І на гранях) у руках архангелаў, дык становіцца відавочнай сувязь сімволікі першай і другой калон (нагадаем, што другая ўяўляе з сябе трохгранную прызму).
У сваю чаргу, васьміграннік (пачатак ператварэння квадрата ў круг і наадварот) у шматлікіх культурах сімвалізуе няўстойлівасць, пераход з аднаго стану ў іншы, ад матэрыяльнага да духоўнага. Цяпер цяжка сказаць, ці былі на калонах якія-небудзь упрыгожанні, але нельга выключаць такую магчымасць, як і спыняць далейшае даследаванне гэтага аб'екта беларускай гісторыі.