КАЖ асуджае «паляванне на ведзьмаў» і патрабуе вызваліць журналістаў
Камітэт абароны журналістаў заклікаў вызваліць Ірыну Леўшыну, Дзмітрыя Наважылава і Андрэя Аляксандрава.
«КАЖ устрывожаны прысудам <...> і асуджае "паляванне на ведзьмаў" супраць аднаго з вядучых незалежных інфармацыйных агенцтваў краіны», — заявіла каардынатар праграмы Камітэт абароны журналістаў (КАЖ) па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульназа Саід, адзначае «Позірк».
У Беларускай асацыяцыі журналістаў прысуд па «справе БелаПАН» назвалі «помстай прадстаўнікам СМІ за іх сумленную працу і пазіцыю». БАЖ «рашуча пратэстуе» супраць расправы над калегамі і патрабуе неадкладнага вызвалення не толькі супрацоўнікаў БелаПАН, але і ўсіх трыццаці прадстаўнікоў медыя, якія на сёння знаходзяцца за кратамі.
Прадстаўнікі інфармагенцтваў «выконвалі свае прафесійныя абавязкі абсалютна законна і да арышту заставаліся ўзорам высокага ўзроўню беларускай журналістыкі», падкрэслілі ў БАЖ.
Нагадаем, 6 красавіка, у Мінскім абласным судзе вынесены прысуд па «справе БелаПАН». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Усіх фігурантаў справы праваабаронцы ўключылі ў спіс палітычных вязняў, падчас працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым. Суддзя Вячаслаў Тулейка прысудзіў Андрэю Аляксандраву 14 гадоў калоніі, Ірыне Злобінай — 9 гадоў, Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў, Ірыне Леўшынай — 4 гады калоніі.
У апошнім слове галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына сказала, сярод іншага:
— У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ. Як быццам праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Праўда — яна адна.
Пра час, у які мы жывём, прынята казаць: лес сякуць — трэскі ляцяць. Толькі мы не трэскі, мы жывыя людзі. Заклікаю вас задумацца над гэтым. А БелаПАН — ён вернецца ў Беларусь. Як і іншыя разгромленыя прафесійныя СМІ. Перыяд цемрашальства пройдзе, як праходзіць усё благое.
Хваля барацьбы з іншадумствам схлыне, таму што ніхто не мае права прымусіць мільёны людзей скакаць пад адну дудку, нават з дапамогай дубін ГУБАЗ і сфабрыкаваных крымінальных спраў.
Запыт грамадства на годнае, бяспечнае жыццё, як і на якасную прафесійную журналістыку, быў, ёсць і будзе.
Дзяржабвінаваўца прапануе мне пажыць яшчэ некалькі гадоў у турме. Ну ок:) Сёння там можна сустрэць мноства найгоднейшых людзей: журналістаў, сацыёлагаў, філосафаў, праваабаронцаў, лекараў, настаўнікаў, банкіраў, адвакатаў, былых следчых і нават пракурораў. А, скажам так, традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій. Вельмі своечасова і правільна, я лічу. Так што, па сутнасці, я працягну працаваць журналістам: распаўсюджваць інфармацыю вусна. У любых умовах. Краты мяне не спыняць, гэта дакладна. Як і маіх калег.
Падводзячы вынік, хачу сказаць: усё, што тут адбываецца, — гэта расправа з БелаПАН за сумленную журналістыку, якая ў момант гістарычных перамен у нашай краіне раптам прыйшлася камусьці не даспадобы.