КДБ паведаміў пра затрыманне ў Гродне грамадзяніна Польшчы, яго падазраюць у шпіянажы

Па падазрэнні ў шпіянажы затрыманы грамадзянін Польшчы, які пастаянна пражывае ў Гродне, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на Камітэт дзяржбязпекі.

Гродна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Гродна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«25 сакавіка ў Гродне па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Рэспублікі Польшча затрыманы грамадзянін Польшчы, які ўвесь час жыве ў Гродне. Падчас правядзення неадкладных следчых дзеянняў па месцы жыхарства фігуранта генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Рачкоўскі і консул польскага генконсульства Марцін Хрустэль у парушэнне беларускага заканадаўства спрабавалі перашкодзіць правядзенню працэсуальных дзеянняў», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама паведамляецца, што па факце «неправамерных дзеянняў» польскіх дыпламатаў праінфармаваны МЗС Беларусі.
Нагадаем, сёння пад хатні арышт перавялі старшыню Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс. «Пасля такой міласэрнай пастановы хочацца спадзявацца на пачатак нармалізацыі стасункаў паміж польскім і беларускім бокам», — пракаментаваў гэта адыёзны дзеяч Юрый Васкрасенскі.