КДБ завяршыў справу экс-намесніка сакратара Савету бяспекі Уцюрына. Разам 16 абвінавачаных
Следчае ўпраўленне КДБ завяршыла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрымання і давання хабару ў ходзе паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, кампутарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, паведаміла прэс-служба КДБ, піша «Свабода».
Адзін з абвінавачаных у гэтай справе
— былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын.
Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару ў агульнай суме не менш за 190 000 долараў
ЗША і ў падбухторванні да давання хабару.
Усяго фігурантаў крымінальнай справы 16, прычым 8 з іх — службовыя асобы дзяржаўных органаў і банкаўскіх установаў, яшчэ 8 — прадстаўнікі камерцыйных структураў. Ім выстаўлена абвінавачанне паводле арт. 430 і 431 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Усяго ў межах крымінальнай справы толькі ў хабарнікаў канфіскавана больш за 1 650 000 долараў ЗША (у тым ліку ў аблігацыях), 62 000 еўра, больш за 1 кг золата. Чыноўнікі бралі хабар за заключэнне дамоваў на пастаўкі Wi-Fi-роўтэраў для абанентаў і маршрутызатараў для вузлоў сувязі «Белтэлекаму», працы з банкаўскімі сістэмамі, закупку ліцэнзіяў і іншае.
Акрамя Уцюрыра, у атрыманні хабараў абвінавачваюцца:
· Фелікс Каспяровіч, старшыня праўлення ААТ «Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтар»,
· Андрэй Падгорны, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогіяў Нацбанку (Каспяровіча і Падгорнага абвінавачваюць у сумесным атрыманні хабараў на суму не менш за 868 750 долараў ЗША),
· Ігар Кудасаў, начальнік Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанку, абвінавачваецца ў атрыманні хабараў агулам не менш чым на 30 000 долараў.
· Юрый Зданевіч, дырэктар РУП «Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь», у атрыманні хабараў агулам на 82 500 долараў.
· Аляксей Мілаванаў, начальнік упраўлення інфармацыйнай бяспекі Дэпартаменту бяспекі ААТ «АСБ «Беларусбанк», у атрыманні хабараў агулам у 27 000 долараў.
· Сяргей Сівадзедаў, гендырэктар РУП «Белтэлекам», у атрыманні хабараў у суме не менш за 470 000 долараў ЗША і 15 000 еўра,
· Юры Панамароў, выканаўчы дырэктар ААТ «Банк БелВЭБ», у атрыманні хабараў у агульнай суме 13 000 долараў, а таксама атрыманні выгады маёмаснага характару на суму за 1 000 фунтаў стэрлінгаў.
· Уладзімер Жылін, фактычны кіраўнік ТАА «Мабільны сэрвіс», у даванні хабараў на суму не менш як 900 250 долараў.
· Сяргей Пакрышка, саўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА «Солідэкс ПІ» і ТАА «Солідэкс» (Мінск), у даванні хабараў на суму не менш за 195 000 долараў ЗША,
· Міхаіл Прыгара, прадстаўнік ІІУП «АМТ-Груп Інтэрнэшнл», у даванні хабараў агулам на 285 000 долараў,
· Сяргей Шаркоў, грамадзянін Латвіі, саўладальнік СТАА «ДПА», у даванні хабараў на суму не менш як 53 000 долараў,
· Аляксандр Край, прадстаўнік ТАА «Мабільны сэрвіс», у даванні хабараў на суму 13 000 долараў і даванні выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў,
· Віталь Гарбачоў і Уладзімір Казанцаў, прадстаўнікі кампаній «Смартлабс» і «УГМК-Тэлекам», грамадзяне Расійскай Федэрацыі, абодва — у даванні хабараў на суму не менш як 190 000 долараў,
· Уладзімер Томчанка, дырэктар ТАА «ТТ-Связьком» (Мінск), у даванні хабару на суму не менш за 9 000 долараў.
Інфармацыя пра затрыманне дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Беларусі, былога начальніка Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі Андрэя Уцюрына, з’явілася ў СМІ і тэлеграм-каналах 29 красавіка.
Пра тое, што кіраўнік Беларусі звольніў палкоўніка Андрэя Уцюрына з пасады намесніка дзяржсакратара Савету бяспекі «за правіны, якія дыскрэдытуюць званне вайскоўца», стала вядома ўвечары 30 красавіка. А адпаведны указ датаваны 24 красавіка.
Расійскія медыя сцвярджалі са спасылкай на абазнаныя крыніцы, што Уцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «злівы» інфармацыі расійскім спецслужбам. У КДБ Беларусі не каментавалі гэтай інфармацыі.
4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Уцюрын затрыманы пры атрыманні хабару ў 148,6 тысячы долараў ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму прад’яўлена абвінавачанне ў атрыманні хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Пазней Лукашэнка заявіў, што Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бяспекі.
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расіі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі, ад 2007 — ейны кіраўнік. Займаў гэтую пасаду цягам 7 гадоў — найдаўжэй за ўсіх іншых кіраўнікоў. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». У 2010 годзе казаў, што на загад Аляксандра Лукашэнкі займаўся дастаўкай у Мінск уцеклага прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева. Палкоўнік Андрэй Уцюрын быў прызначаны намеснікам дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Беларусі ў 2014 годзе.