Кіраўнік Дзяржпамежкамітэта Лапо сцвярджае, што палякі збіраюцца «захапіць беларускага памежніка»

Польскія сілавікі плануюць захапіць беларускага памежніка, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь-1» старшыня Дзяржпамежкамітэта Беларусі Анатоль Лапо. У выпадку такога павароту падзей Лапо загадаў страляць без папярэджання, адзначае «Еўрарадыё».

1572_001.jpg

«Калі я атрымаў інфармацыю, што польскія сілавікі плануюць, магчыма, захапіць беларускага памежніка, я аддаў каманду без папярэджання неадкладна ўжываць зброю», — заявіў Лапо.

Ён лічыць, што польскі бок хоча справакаваць беларускіх памежнікаў «на нейкія меры ў адказ». Ён успомніў, у прыватнасці, аб пашкоджаным памежным знаку.

Інцыдэнт з памежным знакам адбыўся 17 студзеня. Беларускія памежнікі выявілі на шчытку з дзяржаўным гербам прабоіны. Паводле версіі польскага боку, беларусы самі пашкодзілі знак. Польскі бок прапаноўваў калегам правесці нараду і абмеркаваць інцыдэнт, але «беларусы адмовіліся, а ўвечары ў СМІ з'явілася паведамленне аб пашкоджанні беларускага памежнага знака польскім бокам». У Беларусі патлумачылі адмову сустрэцца сітуацыяй з COVID-19 і настойваюць, што польскі бок распаўсюджвае ілжывую інфармацыю.

Са свайго боку памежная служба Польшчы перыядычна паведамляе аб сумнеўных паводзінах на мяжы беларускіх сілавікоў — пра тое, што яны дапамагаюць мігрантам прарывацца праз мяжу. На днях, да прыкладу, паведамлялася пра чарговую такую спробу прарыву каля Мельніка. Тады пацярпеў польскі салдат, яго ўдарылі каменем па галаве.