Кіраўнік фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя выказалася пра затрыманні на мінскім трыятлоне

«Бязмежжа сілавікоў не прызнае ніякіх аўтарытэтаў».

Аляксандра Герасіменя

Аляксандра Герасіменя

«BSSF неаднаразова папярэджваў беларускую і міжнародную спартыўную грамадскасць аб небяспецы правядзення ў нашай краіне якіх-небудзь спартыўных мерапрыемстваў. Мінскі трыятлон стаў прыкладам гэтаму: падчас велазаезда былі арыштаваныя тры ўдзельнікі спаборніцтваў, сярод якіх таксама быў і прадстаўнік арганізатараў.
Гэта прамы доказ таго, што ў краіне, у якой «не да законаў», ні аднаму ўдзельніку, спартсмену, дэлегату або арганізатару спаборніцтваў не можа быць гарантаваная бяспека і недатыкальнасць. Бязмежжа сілавікоў не прызнае ніякіх аўтарытэтаў: зляцець з ровара ад удару дубінкай па галаве можа як радавы кандыдат у майстры спорту, так і пераможца Алімпійскіх гульняў. Ну ці брат пераможцы Алімпійскіх гульняў.
Менавіта пра магчымасць такіх інцыдэнтаў мы перасцерагалі прадстаўнікоў міжнародных федэрацый і МАК падчас кампаніяў па пераносе Чэмпіянату свету па хакеі і іншых турніраў. На жаль, цалкам мелі рацыю, і будзем далей адстойваць гэтую пазіцыю перад міжнароднай супольнасцю. Сёння мы бачым, як арганізатары нават мясцовых спаборніцтваў з лепшых памкненняў, пераследуючы мэты развіцця масавага спорту, не ў стане супрацьстаяць гвалту і беззаконню. Такая сітуацыя ставіць пад сумнеў мэтазгоднасць удзелу беларусаў у буйных аматарскіх стартах, такіх як «Мінскі паўмарафон».