Пагражалі ломам і кувалдай, а потым дасталі пісталет. Дваіх мужчын арыштавалі за адмову адчыніць дзверы

Абодвух пакаралі «суткамі», паведамляе «Вясна». У аднаго з мужчын забралі сцяжок Польшчы.

nastolnyy_flajok_polshi_b.jpg

А 8 раніцы 24 чэрвеня дадому да Сяргея Філазаповіча прыйшлі людзі без апазнавальных знакаў. Спачатку яны грукалі ў тамбур, а потым патэлефанавалі суседзям, каб тыя адчынілі. У дзверы да Сяргея невядомыя грукалі каля 20 хвілін, а потым сказалі, што з міліцыі і паказалі ў вочка пастанову на агляд. Акрамя гэтага, яны прынеслі кувалду і лом, і, па словах суседа, дасталі пісталет. Сяргей адразу адчыніў.

Дома правялі агляд і канфіскавалі ўсю тэхніку і нават маленькі сцяжок Польшчы ў пакоі 7-гадовай дачкі. Сяргею ж прапанавалі праехаць у РАУС, дзе на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) за тое, што не адчыніў дзверы па першым патрабаванні.

Суд над Філазаповічам прайшоў 25 чэрвеня ў судзе Мінскага раёна, а ягоную справу разглядзеў суддзя Антон Колабаў. Участковы бараўлянскага РАУСа Грыцкевіч Сяргей Дзмітрыевіч на судзе сцвярджаў, што яны адразу прадставіліся і паказалі пастанову. Але суседзі Сяргея гэта адмаўляюць, бо чулі толькі, што яны з бараўлянскай міліцыі, але ніякіх дакументаў яны не паказвалі і свае прозвішчы не называлі.

Вынік — 10 сутак.

Дадому да жыхара Мачулішчаў Андрэя Пахомава невядомыя прыйшлі а 6 раніцы 23 чэрвеня. Прычынай агляду ў кватэры стала інфармацыя аб тым, што «Пахомаў па месцы жыхарства можа вырабляць, захоўваць і распаўсюджваць прадукцыю, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкіх дзеянняў». Пратакол па арт. 24.3 КаАП на Андрэя склалі нібыта за адмову адчыніць дзверы, але мужчына сцвярджае, што ён наўпрост чакаў, калі апранецца яго дзяўчына.

У выніку, суддзя Мінскага раёна Анжаліка Казлова нават не выклікала на суд сведак, бо доказаў на яе думку хапіла. Суддзя арыштавала Пахомава на 10 сутак.