Кіраўніка Акадэміі прэс-клуба вызвалілі з СІЗА і выслалі ў Расію

Кіраўніку Акадэміі прэс-клуба, грамадзяніну Расіі Сяргею Якупаву, які быў затрыманы разам з іншымі супрацоўнікамі арганізацыі, абвінавачванне не выставілі. Аднак сёння, 31 снежня, ён высланы ў Расію. Пра гэта паведаміў адвакат Антон Гашынскі.



6fdc5d715fb66251e19b6aa459d4b8ac0144ba53_727_485_c_6hjlq.jpg

Сяргей Якупаў быў дастаўлены ў аэрапорт пад канвоем. Сёння ж ён быў вызвалены з СІЗА. Абвінавачванне паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (дапамога ва ўхіленні ад выплаты падаткаў) яму выстаўленае не было, паведаміў адвакат.

Пра змену меры стрымання для Якупава прасілі некалькі буйных расійскіх выданняў. РБК у пісьмовым звароце на імя кіраўніка Следчага камітэта прасіла змяніць Сяргею Якупаву меру стрымання на тую, што не звязаная з пазбаўленнем волі. Выданне адзначыла, што ён рэалізаваў паспяховыя праекты для медыяхолдынга РБК і зарэкамендаваў сябе як першакласны медыястратэг і дасведчаны рэдактар. «Упэўненыя, што грамадскай небяспекі Сяргей не ўяўляе і не мае намеру чыніць перашкоды законным следчым дзеянням», — гаворыцца ў лісце.

«Мы лічым, што ўтрыманне пад вартай з'яўляецца залішняй мерай у дачыненні да Якупава Сяргея Сяргеевіча, які мае бездакорную рэпутацыю і якога мы ведаем як выключна законапаслухмянага грамадзяніна», — напісала ў хадайніцтве з такой жа просьбай рэдакцыя расійскага выдання «Звезда».

Нагадаем, што сёння ж, 31 снежня, абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і спрыянні ў гэтым былі выстаўленыя заснавальніцы прэс-клуба Юліі Слуцкай, фінансаваму дырэктару прэс-клуба Сяргею Альшэўскаму, праграмнаму дырэктару Але Шарко, аператарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму, сябру КС і былой журналістцы БТ Ксеніі Луцкінай. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Усе яны былі затрыманыя 22 снежня.

Паводле tut.by, baj.by