Колькі электрычнасці траціць Мінск на святочную ілюмінацыю

За час калядна-навогдніх святаў ілюмінацыя “з’есць” каля 200 тысяч кВт-гадзінаў, ці 198 мільёнаў або 10 тысяч 700 долараў.



okt.jpg

Ілюмінацыя на Кастрычніцкай плошчы. Мінск. Фота: by24.org/ Раман Пратасевіч
На калядную ілюмінацыю ў ЗША траціцца больш электрычнасці, чым некаторыя краіны расходуюць за ўвесь год, паведамляюць даследчыкі Цэнтра глабальнага развіцця.
На святочныя агеньчыкі ў амерыканцаў ідзе 6 млрд кілават-гадзінаў — столькі за год выкарыстоўвае, напрыклад, Эфіопія, Танзанія або Сальвадор, адзначае ВВС.
У Беларусі такога даследавання не праводзілася. Але прадстаўнік вытворчага аддзела сталічнага УП “Мінгарсвятло” Уладлен Ухін кажа, што святочная ілюмінацыя спажывае зусім мала энергіі, паведамляе Еўрарадыё:
“Мы ж іх уключаем не на ўсю ноч, а з моманту знешняга асвятлення і да 23 гадзінаў, а потым з 6 гадзіны раніцы да моманту выключэння асвятлення. Усё дзеля эканоміі. І калі магутнасць знешняга асвятлення 18 тысяч кВт, уся святочная ілюмінацыя спажывае усяго 860 кВт”, — распавядае спецыяліст.

За час святаў калядна-навогдніх святаў ілюмінацыя “з’есць” каля 200 тысяч кВт-гадзінаў, ці 198 мільёнаў або 10 тысяч 700 долараў.
“Знешняе асвятленне горада спажывае крыху меней за 1% электраэнергіі, якая расходуецца сумарна ўсімі прадпрыемствамі ў горадзе. То бок, уявіце, калі агульнае спажыванне — гэта 1%, а ілюмінацыя — гэта 20-я частка ад гэтага, то і па магутнасці, і па грашах атрымліваецца не надта затратна”, — тлумачыць Уладлен Ухін.
Прадстаўнік аддзела “Гарсвятла” Георгій Таболін, які займаецца святочнай ілюмінацыяй, дадае, што цалкам усё каляднае асвятленне ўключаць увечары 24 снежня. У Мінску запаляць каля 130 тысяч святлодыёдных лямпачак.
“Уведзеныя новыя ўчасткі: Камароўскі рынак, Лошыцкі парк, зменены дызайн ялінак. З кожным годам мы павялічваем колькасць ілюмінацыі”, — адзначае спецыяліст.
Акрамя гэтага, сёлета ў сталіцы ўпрыгожылі на дзве навагоднія ёлкі больш. Цяпер іх 15.
24 снежня святочная ілюмінацыя будзе працаваць усю ноч, да 9 гадзінаў раніцы, гэтак жа і ў навагоднюю ноч, на праваслаўнае Раство і стары новы год. У астатнія дні калядныя агеньчыкі будуць радаваць сталічных жыхароў да 23 гадзінаў вечара. Дэмантаж ілюмінацыі пачнецца пасля 14 студзеня.