Коска ператвараецца ў Палатно

Стала вядома новая назва рэгіянальнага медыя: «Палатно дарогі — гэта шлях, які мы абіраем», — тлумачаць выбар новай назвы былыя супрацоўнікі «Рэгіянальнай газеты».

_szljah___daroha___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___1__logo.jpg

Новае медыя пра рэгіёны змяніла назву Koska на Palatno. Яго можна пабачыць у тэлеграме рэсурсу, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Праект былых супрацоўнікаў “Рэгіянальнай газеты”, што стартаваў з назвай Koska media, тэрмінова прайшоў рэбрэндыг. Далей ён будзе дзейнічаць, як Palatno media. Чаму каманда спынілася менавіта на гэтым?

— Палатно дарогі — гэта шлях, які мы абіраем. Палатно нажоўкі — гэта інструмент і магчымасць ствараць сваё. Палатно тэксту — гэта выказванні людзей і гісторыі, якія павінны быць пачутымі, — тлумачаць свой выбар медыйшчыкі.

Як паведамляюць у каментарах у сваім аднайменным тэлеграм-канале журналісты, ад наступнага тыдня будзе запушчаны сайт, з’явяцца першыя матэрыялы гэтага медыя.

Нагадаем, яшчэ 1 чэрвеня каманда беларускіх журналістаў, якія да 2021 года працавалі з рэдакцыяй «Рэгіянальнай газеты» ў Маладзечне, заяўляла пра запуск новага праекта пра беларускую супольнасць у рэгіёнах. Але адразу ж трапіла ў непрыемную сітуацыю: ў першыя ж суткі чытачы заўважылі, што лагатып супадае з назвай вядомага беларускага выдавецтва, да якога рэсурс не мае дачынення.

Як тлумачылі БАЖ былыя супрацоўнікі “Рэгіянальнай", пры выбары назвы яны адштурхоўваліся ад папулярнасці выказвання пра "перагарнуць старонку".

— Сэнс нашай назвы быў у тым, што старонка не будзе перагорнутая і кропка не будзе пастаўленая. Абвінавачванні ў плагіяце недарэчныя, асабліва датычна лагатыпу, — распавяла тады кіраўніца новага праекта Зоя Хруцкая. — Мы звярнуліся да выдавецтва і патлумачылі абставіны. Мы дамовіліся і атрымалі адказ, што канфлікт вычарпаны.