Салдаты РФ пакаралі смерцю журналіста Левіна — «Рэпарцёры без межаў»

"Рэпарцёры без межаў" лічаць, што ўкраінскага журналіста і фатографа Макса Левіна і яго сябра салдата Аляксея Чарнышова расійскія салдаты пакаралі смерцю пад Кіевам свядома, верагодна, пасля допытаў і катаванняў.

Макс Левін

Макс Левін

Пасля візіту двух следчых ва Украіну з 24 траўня па 3 чэрвеня з мэтай расследавання смерці Макса Левіна падчас акупацыі "Рэпарцёры без межаў" (Reporters sans frontières, RSF) абнародуюць справаздачу з інфармацыяй і доказамі, якія сведчаць, што фатографа і яго сябра і ахоўніка пакаралі смерцю расійскія салдаты ў лесе пад Кіевам. Магчыма, пасля допытаў і нават катаванняў.

Цела Левіна і Чарнышова знайшлі 1 красавіка ў лесе каля вёскі Машчун, што ў 20 кіламетрах на поўнач ад Кіева. Двое мужчын былі забітыя 13 сакавіка.

Кіраўнік следчага аддзела RSF Арно Фражэ і французскі вайсковы фотарэпарцёр Патрык Шавель, які працаваў з Левіным на Данбасе ў канцы лютага, больш за тыдзень збіралі ва Украіне інфармацыю пра абставіны смерці Левіна.

Яны прыйшлі да высновы, што Левіна і Чарнышова пакаралі смерцю. Доказы супраць расійскіх войскаў пераканаўчыя. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы пад назвай "Як расійскія войскі пакаралі смерцю ўкраінскага журналіста Макса Левіна".



На аснове інфармацыі і доказаў, якія яны сабралі, следчыя RSF змаглі аднавіць падзеі.

10 сакавіка Левін страціў свой беспілотнік у лесе блізу Машчуна, калі спрабаваў атрымаць кадры ваеннага ўварвання Расіі ў гэты раён.

Калі праз тры дні ён вярнуўся ў гэтыя лясы, расіяне ўжо займалі частку лесу. Мясцовасць была варожая, але Левін хацеў вярнуць свой беспілотнік, таму што быў перакананы, што апошнія здымкі, якія ён зрабіў, вельмі важныя. Яму гэта не ўдалося.

Прадстаўнікі RSF прыбылі ў Украіну 24 траўня, амаль праз два месяцы пасля вяртання Кіеўскай вобласці Украіне. Аднак там усё яшчэ было небяспечна: расіяне пакінулі пасткі і выбуховыя прылады. У сяле Машчун да гэтага часу адчуваецца пах гару, зямля абсыпаная абломкамі бронетэхнікі, палова дамоў разбураная, нешматлікія жыхары траўмаваныя.

У суправаджэнні супрацоўнікаў сіл бяспекі Украіны RSF удалося вызначыць месца злачынства.

 Абвуглены легкавік фатографа “Форд Мэвэрык” усё яшчэ быў там. 

Спаленая машына Макса Левіна. 28.05.2022

Спаленая машына Макса Левіна. 28.05.2022

На месцы здарэння спецыялісты RSF знайшлі некалькі куль, а таксама дакументы, якія сведчаць асобу Чарнышова, і выявілі 14 траплянняў куль у яго аўтамабілі.

Адна з куль, якую RSF знайшлі ў згарэлым аўтамабілі Левіна

Адна з куль, якую RSF знайшлі ў згарэлым аўтамабілі Левіна

Некалькі прадметаў з магчымымі слядамі ДНК, якія сведчаць аб прысутнасці расійскіх салдат вельмі блізка ад месца забойства Левіна і Чарнышова, таксама былі ідэнтыфікаваныя RSF, і некаторыя з іх былі канфіскаваныя.

На апошнім этапе пошуку, ініцыяванага RSF, металашукальнікі выявілі кулю, якая, верагодна, трапіла ў Левіна.

Куля і гільза, знойдзеныя ў зямлі на месцы, дзе знайшлі цела Левіна, 30.05.2022

Куля і гільза, знойдзеныя ў зямлі на месцы, дзе знайшлі цела Левіна, 30.05.2022

"Рэпарцёры без межаў" не змаглі адказаць на ўсе пытанні, якія іх цікавяць, але зрабілі дзве гіпотэзы, як маглі развівацца падзеі. Арганізацыя спадзяецца, што аднойчы доказы прывядуць да ўстанаўлення асобаў, якія ўчынілі гэта падвойнае забойства.

Генеральны сакратар RSF Крыстаф Дэлуар адзначыў, што "аналіз фатаграфій з месца злачынства, зробленых на месцы назіранняў, і канфіскаваных рэчыўных доказаў, выразна паказваюць на пакаранне, якому, магчыма, папярэднічаў допыт ці нават катаванні".

Ён дадаў, што Макс Левін і яго сябар заплацілі жыццём за барацьбу за дакладную інфармацыю, таму RSF будзе змагацца, каб ідэнтыфікаваць і знайсці тых, хто іх пакараў смерцю.

Прадстаўнікоў RSF прынялі намеснік генпракурора Украіны, начальнік аддзела расследавання злачынстваў супраць СМІ і кіраўнік пракуратуры Кіеўскай вобласці.

Арно Фроджэ быў афіцыйна дапытаны СБУ як сведка ў Кіеве 1 чэрвеня. RSF перадалі дзевяць доказаў, сабраных на месцах, і флешку з некалькімі дзясяткамі фатаграфій з месца злачынства, зробленых Патрыкам Шавелем.

Паводле www.pravda.com.ua

Фота Патрык Шавель, RSF