93% украінцаў упэўненыя ў перамозе над Расіяй

Пераважная большасць (93%) апытаных украінцаў ўпэўненыя, што Украіна зможа адбіць напад РФ, пры гэтым 63% абсалютна упэўненыя ў гэтым, сведчаць вынікі агульнанацыянальнага апытання, праведзенага 18-19 чэрвеня сацыялагічнай групай «Рэйтынг».

Толькі 5% апытаных выказалі няўпэўненасць у перамозе Украіны. Высокі паказчык упэўненасці назіраецца сярод жыхароў усіх макрарэгіёнаў і прадстаўнікоў розных узростаў.

У той жа час, нягледзячы на высокі ўзровень упэўненасці ў перамозе, 39% лічаць, што для гэтага трэба паўгода-год, а 18% — яшчэ больш часу. У перамогу за некалькі месяцаў вераць чвэрць апытаных, за некалькі тыдняў — каля 6%. Некалькі больш тых, хто ўпэўнены ў перамозе ў больш кароткія тэрміны, сярод старэйшых, але нават у гэтай узроставай групе палова бачыць перспектыву перамогі за паўгода-год.

Пры гэтым у параўнанні з папярэднімі апытаньнямі рэзка павялічыўся працэнт тых, хто ўпэўнены ў перамозе праз паўгода і пазней: раней большасць была ўпэўнена ў больш кароткіх тэрмінах. Некалькі паменшыўся працэнт тых, хто абсалютна ўпэўнены ў перамозе Украіны, пры гэтым узрасла доля тых, хто хутчэй у гэтым упэўнены.

75% апытаных лічаць, што справы ў Украіне рухаюцца ў правільным кірунку. 13% — супрацьлеглага меркавання, яшчэ 12% — не змаглі ацаніць. Ва ўсіх рэгіёнах і сярод усіх узростаў працягвае дамінаваць адзнака напрамку як правільнага.

У ходзе даследавання метадам CATI (тэлефонныя інтэрв'ю з выкарыстаннем кампутара) было апытана 1200 рэспандэнтаў ва ўсіх падкантрольных украінскаму ураду рэгіёнах, дзе працуе ўкраінская мабільная сувязь. Вынікі ўзважаныя з выкарыстаннем актуальных дадзеных Дзяржаўнай службы статыстыкі. Выбарка рэпрэзентатыўная па ўзросту, полу і тыпу паселішча. Памылка рэпрэзентатыўнасці даследавання з давернай верагоднасцю 0,95 — не больш за 2,8%.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: