Кураеў: навошта пры Беларускім Экзархаце прадстаўнік Патрыярха?

«Мне невядома, каб дзесьці на кананічнай тэрыторыі РПЦ («адзінай святой Русі») адкрываліся падворкі Патрыярха па лісце кіраўніка АЗЦС. Мне невядома, каб адносіны Патрыярха з зусім неаўтаномнай групай епархій будаваліся па прынцыпе «міжцаркоўных адносін». У значна больш аўтаномнай УПЦ няма «прадстаўніка Патрыярха»», — такім чынам пракаментаваў дыякан Рускай Праваслаўнай Царквы Андрэй Кураеў прызначэнне прадстаўніка Патрыярха Кірылы пры Беларускім Экзархаце.



kurajeu.jpg

«Пры сучасных сродках сувязі незразумела — да чаго гэта прадстаўніцтва. Чым патрыяршы Экзарх дрэнны для гэтай мэты?» — задаецца пытаннем ён у сваім блогу.

Адказам на гэтае пытанне ён бачыць магчымую наяўнасць у Патрыярха прамых бізнес-інтарэсаў у Беларусі, ніяк не звязаных са звычайнымі царкоўнымі заробкамі. «І таму ён не лічыць мэтазгодным рэалізоўваць іх нават праз Экзарха. Дакладней: калі беларускія органы наехалі на нейкага расійскага бізнесмэна, мясцоваму епіскапу будзе нязручна ісці супраць сваіх родных уладаў, але тут-та і з’явіцца «прадстаўнік патрыярха» з заступніцкім хадайніцтвам», — мяркуе дыякан.

Разам з тым, паводле яго слоў, супраць гэтай версіі кажа тое, што прадстаўнік Патрыярха а. Васіян (Змееў), шматгадовы прарэктар МДА, наўрад ці да прызначэння хоць раз гутарыў з патрыярхам Кірылам сам-насам і адкрыта. «У даверанае кола патрыярха ён не ўваходзіць. Ссылка ад скандалу? Ці ж вострая патрэба ў інфарматарах «з-пад экзарха»?» — піша Андрэй Кураеў.

Як паведамляла krynica.info, у сувязі з заснаваннем прадстаўніцтва Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларускім Экзархаце ў Мінску і згодна з указам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла прарэктар па выхаваўчай працы, выкладчык класічных моў Маскоўскай духоўнай акадэміі, ігумен Васіян (Змееў) прызначаны на пасаду прадстаўніка Патрыярха ў Беларускім Экзархаце з вызваленнем ад займаных пасадаў у духоўнай акадэміі.

krynica.info