Лекцыя па анархізме — у міліцэйскім пастарунку

Гродзенскія студэнты і актывісты правялі больш за 5 гадзін у пастарунку Ленінскага РАУС Гродна замест лекцыі расійскага філосафа і дацэнта Пятра Рабава, якая мусіла адбыцца ў Цэнтры гарадскога жыцця.

22404157_10214672404068407_996834730_o_1024x575_1.jpg

9 кастрычніка, каля 16.30 у Гродна на лекцыю расійскага філосафа Пятра Рабава, якая мусіла адбыцца ў прасторы "Цэнтр гарадскога жыцця" ўварваліся людзі ў масках і затрымалі ўсіх яе ўдзельнікаў.

Пра падзеі распавядае супрацоўнік Цэнтра гарадскога жыцця Сяргей Герман:

Лекцыя толькі пачалася, як уварваліся супрацоўнікі АМАПу Ленінскага РАУСа. Прыпынілі лекцыю. Нікога, канешне, не вязалі. Пасля завезлі нас без тлумачэнняў прычын, без тлумачэння, хто яны такія, у Ленінскі РАУС. Кіраваў імі чалавек у цывільным з закрытым тварам. Мне інкрымінуюць арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, якое адбылося ў  памяшканні.

Для Пятра Рабава, які хацеў прачытаць у Гродна лекцыю пра лібертарыянства, затрыманне і пяць гадзін ў пастарунку былі вялікім здзіўленнем:

Я думаю, што іх напалохала страшнае слова “анархія”. Яны ў мяне забралі 11 кніжак, дзе ёсць гэтае страшнае слова. Наколькі я разумею, ніякіх асабіста мне, на шчасце, адміністрацыйных і крымінальных спраў не пагражае. Спачатку нас вінавацілі ў правядзенні мітынгу. Яны казалі, што ўсё трэба ўзгадняць, і, прывозячы нейкую кнігу, трэба даведвацца, ці не забаронена яна ў Беларусі. Тады трэба проста зачыніцца ў пакоі і нікуды не выходзіць, бо паездка ў іншы горад, лекцыя і распаўсюд кніг, якія ты купіў у Расійскай Федэрацыі, ужо можа быць падсуднай справай. 

Пётр Рабаў ужо неаднаразова да гэтага наведваў Беларусь. Удзельнічаў у розных анархічных і антыядзерных акцыях і быў неаднаразова затрыманы як у Расіі, так і ў Беларусі.

Паводле Беларускае Радыё Рацыя