Лічбы супраціву: у студзені па палітычных матывах было затрымана не менш за 873 чалавекі (інфаграфіка)
Праваабарончы цэнтр «Вясна» з дапамогай актывістаў Валанцёрскай службы адсочаваў факты адміністрацыйнага пераследу ў студзені 2021 года: затрыманні на мірных акцыях пратэсту і за вывешаныя бела-чырвона-белыя сцягі на вокнах і іншую сімволіку, а таксама судовыя працэсы над пратэстоўцамі.

Так, праваабаронцам вядома, што ў студзені па палітычных матывах было затрымана не менш за 873 чалавекі, з іх не менш за 391 — жанчыны, 475 — мужчыны.
Не менш за 709 чалавек было затрымана ў Мінску і Мінскай вобласці, 37 — у Віцебскай вобласці, 27 — у Гомельскай вобласці, 22 — у Брэсцкай вобласці, 19 — у Гродзенскай вобласці, 14 — у Магілёўскай вобласці.

Таксама вядома пра затрыманне шасці непаўналетніх. Самы малодшы затрыманы - 13-гадовы Цімур Н. Самымі сталымі затрыманымі аказаліся 72-гадовыя Святаслаў К. і Аляксандр Б.
У першым месяц 2021 года было вынесена не менш 489 пастановаў суда ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў. Арыштам пакараныя 304 чалавекі, штрафам — 137, двое — арыштам і штрафам. 40 пратаколаў адпраўлена на дапрацоўку, і толькі 6 адміністрацыйных справаў спынена.

173 чалавекі пакараныя арыштам на тэрмін ад 15 да 22 сутак, 24 чалавекі пакараныя максімальным арыштам на 25 сутак (без уліку паўторных арыштаў), 10 чалавек — штрафам у 50, адзін — у 70 базавых велічынь;

Топ-3 рэпрэсіўных суддзяў выглядае наступным чынам:
Дзмітрый Карсюк вынес 23 пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці,
Марыя Ярохіна — 20 пастаноў,
Максім Трусевіч — 17 пастаноў.