У бусе 14-гадовага Алега білі, рвалі валасы, прымусілі разблакаваць тэлефон, а потым сям'ю паставілі на СНС

Amnesty International распавяла, як у Беларусі пераследуюць дзяцей за апазіцыйную дзейнасць.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Беларускія ўлады ў ходзе сваёй кампаніі па выкараненні іншадумства звяртаюцца да пагроз, пераследу і запалохвання дзяцей, заявіла Amnesty International напярэдадні 9 лютага, калі спаўняецца шэсць месяцаў з пачатку масавых антыўрадавых выступаў у краіне. Некаторым дзецям пагражаюць гады турэмнага зняволення, у той час як іншыя жывуць у страху, што іх бацькі трапяць у турму або што яны будуць перададзеныя пад апеку дзяржавы. Пра гэта Amnesty International распавядае ў сваім інфармацыйным брыфінгу, падрыхтаваным у межах кампаніі #StandWithBelarus.

Спампаваць брыфінг можна па наступнай спасылцы: «Дзеці ў Беларусі — закладнікі рэжыму».
«Падчас жорсткага падаўлення іншадумства ўлады абыходзяцца з дзецьмі цалкам непрымальным чынам. Некаторыя дзеці апынуліся ў адвольным заключэнні і ім прад'яўленыя сфабрыкаваныя крымінальныя абвінавачванні — такія ж як і дарослым», — паказвае Аіша Джанг, старэйшы кiраўнiк кампаній Amnesty International па Беларусі.
«Дзецям ва ўзросце ад васьмі гадоў у школах пагражалі, што над іх палітычна актыўнымі бацькамі расправяцца. Адной з самых падступных формаў пераследу і запалохвання з'яўляецца пагроза выкарыстання заканадаўства для канфіскацыі дзяцей з сем'яў і перадачы іх пад апеку дзяржавы, што фактычна робіць іх закладнікамі дзяржавы», — заявіла яна.
Чатырнаццацігадовы Алег (імя зменена па меркаваннях бяспекі) быў затрыманы ў Мінску 12 жніўня АМАПам разам з сотнямі мірных дэманстрантаў і мінакоў. «У мікрааўтобусе яго білі, рвалі за валасы, гвалтоўна прымусілі разблакаваць тэлефон, прыціснуўшы яго пальцы да экрана», — распавяла Amnesty International яго маці. Супрацоўнікі міліцыі выявілі ў яго кішэні невялікую ўлётку з беларускім бел-чырвона-белым сцягам апазіцыі. Гэтага было дастаткова, каб службы абароны дзяцей занеслі сям'ю ў спіс для назірання, заявіўшы, што Алег жыве ў «сацыяльна небяспечнай сітуацыі». Цяпер Алег і яго сям'я жывуць у пастаянным страху расстання.
«Гэты выпадак увасабляе жорсткасць рэпрэсій, развязаных беларускімі ўладамі, якія ідуць на ўсё, каб запалохаць сваіх крытыкаў. Гэта бесчалавечнае абыходжанне з дзецьмі з боку дзяржавы ў палітычных мэтах і непрыгожая кампанія запалохвання любога іншадумства павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Аіша Джанг.
Amnesty International пачала кампанію #StandWithBelarus 27 студзеня з публікацыі дакладу аб тым, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сістэму правасуддзя для пераследу ахвяр катаванняў, а не злачынцаў.