Amnesty International: Беларуская дзяржава бесчалавечна абыходзіцца з дзецьмі ў палітычных мэтах

Беларускія ўлады падчас сваёй кампаніі па выкараненні іншадумства ў краіне звяртаюцца да пагроз, пераследу і запалохвання дзяцей, заявіла Amnesty International напярэдадні 9 лютага, калі спаўняецца шэсць месяцаў з пачатку масавых антыўрадавых выступленняў у краіне.

1024x512_x2_twitter_children_914x527.webp

Некаторым дзецям пагражаюць гады турэмнага зняволення, у той час як іншыя жывуць у страху, што іх бацькі трапяць у турму, або што яны будуць перададзеныя пад апеку дзяржавы. Пра гэта Amnesty International распавядае ў сваім інфармацыйным брыфінгу, падрыхтаваным у рамках кампаніі #StandWithBelarus.

«Падчас жорсткага падаўлення іншадумства ўлады звяртаюцца з дзецьмі цалкам непрымальным чынам. Некаторыя дзеці апынуліся ў адвольным зняволенні і ім прад'яўленыя сфабрыкаваныя крымінальныя абвінавачванні — такія ж як і дарослым», — кажа Аіша Джанг, старшы кіраўнік кампаній Amnesty International па Беларусі.

«Дзецям ва ўзросце ад васьмі гадоў у школах пагражалі, што над іх палітычна актыўнымі бацькамі расправяцца. Адной з самых падступных формаў пераследу і запалохвання з'яўляецца пагроза выкарыстання заканадаўства для канфіскацыі дзяцей з сем'яў і перадачы іх пад апеку дзяржавы, што фактычна робіць іх закладнікамі дзяржавы», — заявіла таксама яна.

Чатырнаццацігадовы Алег (імя зменена па меркаваннях бяспекі) быў затрыманы ў Мінску 12 жніўня АМАПам разам з сотнямі мірных дэманстрантаў і мінакоў. «У мікрааўтобусе яго білі, рвалі за валасы, сілком прымусілі разблакаваць тэлефон, прыціснуўшы яго пальцы да экрана», — распавяла Amnesty International яго маці.

Супрацоўнікі міліцыі выявілі ў яго кішэні невялічкую ўлётку з беларускім бел-чырвона-белым сцягам. Гэтага было дастаткова, каб службы абароны дзяцей занеслі сям'ю ў спіс для назірання, заявіўшы, што Алег жыве ў «сацыяльна небяспечнай сітуацыі». Зараз Алег і яго сям'я жывуць у пастаянным страху расстання.

«Гэты выпадак увасабляе жорсткасць рэпрэсій, развязаных беларускімі ўладамі, якія ідуць на ўсё, каб запалохаць сваіх крытыкаў. Гэта бесчалавечнае абыходжанне з дзецьмі з боку дзяржавы ў палітычных мэтах і непрыгожая кампанія запалохвання любога іншадумства павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Аіша Джанг.

Amnesty International пачала кампанію # StandWithBelarus 27 студзеня з публікацыі дакладу аб тым, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сістэму правасуддзя для пераследу ахвяр катаванняў, а не злачынцаў.