У Навагрудку жанчына атрымала 10 сутак за пікет, бо на вопратцы была зорка з лічбамі 23.34
Жыхарку Навагрудка Жанну Баброўскую асудзілі за ўдзел у экскурсіі, падчас якой на вопратцы была прышпіленая зорка. Адміністрацыйную справу разгледзелі ў судзе Навагрудзкага раёну 8 лютага, распавядае «Свабода».
Як расказала Жанна Баброўская, яна прыйшла 24 студзеня на
экскурсію, прысвечаную дню памяці Халакосту, як ўдзельніца, не гід. Усім
удзельнікам, якія аплацілі экскурсію, прышпілілі зоркі з надпісам «23.34».
Усяго было больш за 20 чалавек. Падчас экскурсіі ўдзельнікаў традыцыйна
суправаджалі міліцыянты. Тады Жанну не затрымлівалі.
«Камбінацыя лічбаў у нас нібыта яшчэ не забароненая. Яна
можа асацыявацца з чым заўгодна. Гэта тэлефонны код Жлобіна, у некага гэта
касавы чэк, у некага — артыкул Адміністрацыйнага кодэксу», — каментуе лічбы на
зорках жанчына.
Яна сама прыйшла ў міліцыю 27 студзеня па іншай справе. 1
студзеня яна выйшла пагуляць на гарадзкую плошчу пасля самаізаляцыі па
каранавірусе. Міліцыянт, які ведаў, што яна хварэла, сказаў гучна, так, што чулі
іншыя: «Гэта тая, у якой страшны COVID». Баброўская напісала заяву на
супрацоўніка міліцыі за тое, што незаконна распаўсюдзіў звесткі пра яе стан
здароўя. Калі яна прыйшла ў міліцыю па позве наконт гэтага выпадку, на яе
склалі пратакол за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве падчас экскурсіі.
«Як гэта зразумець? Усе былі на экскурсіі, адна я была на
пікеце?.. Калі гэта было парушэнне, то куды ж вы глядзелі цягам дзьвюх гадзін?
Чаму вы не зрабілі заўвагу? Чаму не запыталіся, што яны значаць, а працягвалі
ўдзельнічаць у маім «пікеце»?» — задае рытарычнае пытанне міліцыянтам
Баброўская.
Раней Баброўская адседзела 5 дзён за тое, што стаяла з
плакатам супраць гвалту ў Дзень маці. У суд над ёй тады нікога не пусцілі праз
эпідэмію каронавірусу. Пасля вызвалення яе вывезлі з РАУС, пад сценамі
якога чакалі сваякі, і высадзілі за мястэчкам.
Сям’я Баброўскіх займаецца праектам па ўшанаваньні 10
навагрудзкіх семʼяў, якія ў апошнюю вайну хавалі ў сябе габрэяў. Гэты праект
пачалі абмяркоўваць, калі яшчэ быў жывы бізнэсовец і мецэнат Сяргей Коваль,
стваральнік сядзібы ў Літоўцы.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі
БелаПАН.