Два гады калоніі. У Жлобіне абвесцілі прысуд 17-гадоваму падлетку
Суд Жлобінскага раёна 8 лютага разглядаў крымінальную справу 17-гадовага Віталя Прохарава. Яго вінавацілі ў арганізацыі або актыўным ўдзеле 10 жніўня ў Жлобіне ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК РБ).
Справу разглядала суддзя Ірына Прадун, пракурор — Андрэй
Аношка, піша «Вясна».
У абвінавачванні пракурор адзначыў, што 10 жніўня Прохараў
шпурлянуў не менш аднаго камяня ў аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду
аўтамабілю (820 рублёў).
10 жніўня Віталь Прохараў быў затрыманы амапаўцамі і, па
ягоных словах быў моцна збіты. Пасля яго адпусцілі дадому, а неўзабаве
абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП РБ і аштрафавалі.
Сам Прохараў падчас дачы паказанняў у судзе сказаў, што ён
не кідаў камень, але каб «папіярыцца ў сваім інстаграме» пахваліўся, што пабіў
лабавое шкло аўтазака. Гэта запісаў на мабільны яго прыяцель і выклаў у тэлеграм.
2 лютага ў судзе былі дапытаныя сведкі.
Сёння праз скайп апыталі яшчэ аднаго «сакрэтнага» сведку,
змяніўшы яго імя, голас і адрас.
На пытанне адваката, ці бачыў ён момант кідання Прохаравым
камяня ў аўтазак, адказаў, што сам момант не бачыў.
— Значыць гэта вашае меркаванне?
Сведка: «Так».
Пракурор удакладніў: «Дык кідаў ці не камень Прохараў?»
Светка адказаў што так.
Далей у судзе пачаліся спрэчкі бакоў.
Пракурор папрасіў суд прызнаць Прохарава вінаватым па 2-х
артыкулах — 342 і 364 КК. Змягчаючых віну абставін няма, таму патрабаваў пазбаўлення волі на 2 гады у калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанага ўзяць пад
варту.
Адвакат абвергнуў прад’яўленыя абвінавачванні і прасіў апраўдальнага прысуду.
У выніку суддзя прысудзіў хлопцу два гады пазбаўлення волі ў
выхаваўчай калоніі