Лідэры грамадзянскай супольнасці заклікалі выбраць рэктарам ЕГУ беларуса

37 дзеячаў грамадства і культуры, лідэраў грамадзянскай супольнасці заклікалі абраць рэктарам ЕГУ грамадзяніна Беларусі.



ehu_szylda.jpg

Пра гэта піша «Наша Нiва».
У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце прызначаныя выбары рэктара. Магчыма, рашэнне будзе прынята ўжо на гэтым тыдні. Як стала вядома з крыніцы ў ЕГУ, сярод кандыдатаў — 66-гадовы выконваючы абавязкі рэктара ЕГУ Дэвід Полік (ЗША), 67-гадовы фізік Аляксандр Мілінкевіч, 56-гадовы гісторык Алесь Краўцэвіч, 44-гадовая філосаф Таццяна Шчытцова.
Выбіраць рэктара будзе Агульны сход сузаснавальнікаў.
Такім чынам, на пасаду рэктара універсітэта ў выгнанні прэтэндуюць як беларусы, так і «варагі». Ад таго, хто стане рэктарам, будзе залежаць стратэгія далейшага развіцця ўніверсітэта, які ў апошнія гады скалыналі спрэчкі і гучныя звальненні.
Вядомыя грамадскія дзеячы нашай краіны заклікалі выбраць рэктарам грамадзяніна Беларусі.
«Еўрапейскі гуманітарны універсітэт — тая навучальная ўстанова, з якой беларускае грамадства заўсёды звязвала свае надзеі на падрыхтоўку нацыянальнай эліты, — гаворыцца ў звароце. — Сёння ЕГУ стаіць перад надзвычай важным выбарам — новага рэктара, ад якога будзе залежаць шлях развіцця універсітэта. Заклікаем захаваць «беларускае сэрца» ЕГУ. Заклікаем выбраць рэктарам ЕГУ грамадзяніна Беларусі».

Спіс падпісантаў:

Алексіевіч Святлана, пісьменніца
Антусевіч Сяргей, намеснік старшыні Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў
Арлоў Уладзімір, пісьменнік, гісторык
Булгакаў Валер, кандыдат філасофскіх навук
Бяляцкі Алесь, праваабаронца
Вадалажская Таццяна, каардынатарка Лятучага універсітэта, кандыдат сацыялогіі
Вайтовіч Аляксандр, акадэмік, былы прэзідэнт НАН Беларусі
Вардамацкі Андрэй, прафесар, доктар сацыялагічных навук
Вячорка Вінцук, кандыдат філалагічных навук, Таварыства беларускай школы
Гарэцкі Радзім, геолаг, акадэмік НАН Беларусі
Грыцкевіч Анатоль, доктар гістарычных навук, прафесар
Гурневіч Дзмітры, тэлеканал «Белсат», журналіст
Дынько Андрэй, рэдактар NN.BY / «Наша Ніва»
Запруднік Ян, доктар гістарычных навук
Казакевіч Андрэй, дырэктар Інстытута «Палітычная сфера», каардынатар Кангрэса даследчыкаў Беларусі, доктар палітычных навук
Колас Уладзімір, старшыня Рады інтэлігенцыі
Крывой Яраслаў, рэдактар Journal of Belarusian Studies, дырэктар Ostrogorski Center, доктар права
Ластоўскі Аляксей, каардынатар Беларускага Калегіума, кандыдат сацыялагічных навук
Ліпай Аляксандр, кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН
Літвіна Жанна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў
Макоўская Алена, каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі»
Мацкевіч Уладзімір, кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», кандыдат філасофскіх навук
Надсан Аляксандр, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа, дырэктар Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане, ганаровы доктар ЕГУ
Някляеў Уладзімір, паэт
Пашкевіч Аляксандр, рэдактар часопіса «Arche», кандыдат гістарычных навук
Пачобут Андрэй, журналіст, актывіст Саюза палякаў Беларусі
Пятровіч Барыс, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў
Радзіна Наталля, рэдактарка сайта Charter97.org
Салошкін Зміцер, лекар
Слуцкая Юлія, кіраўніца Бюро салідарнасці з Беларуссю (Варшава)
Стужынская Вольга, кіраўніца «Офіса за дэмакратычную Беларусь» (Брусэль)
Сурвіла Івонка, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Трусаў Алег, старшыня Таварыства беларускай мовы, дацэнт, кандыдат гістарычных навук
Хадановіч Андрэй, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра
Шушкевіч Станіслаў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Шыдлоўская Ніна, старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»
Ягораў Андрэй, каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасцi Усходняга партнёрства