Максім Гацак: беларусы ў Беларусі павінны мець магчымасць навучання на беларускай мове
Сапраўднае двухмоўе — гэта такое, калі б беларусам у Беларусі было гарантаванае навучанне на беларускай мове ў межах крокавай дасяжнасці, калі б яго не трэба было выбіваць і за яго змагацца, перакананы Максім Гацак.
Максім Гацак, намеснік старшыні Сацыяльна-хрысціянскага руху, выступіў у падтрымку збору подпісаў з патрабаваннем спынення дыскрымінацыі беларускамоўных дзяцей і арганізацыі паўнавартаснай і якаснай працы дзіцячых садкоў з беларускай мовай навучання (азнаёміцца са зваротам можна ТУТ).
“Я як бацька трох беларускамоўных дзяцей на ўласным досведзе ведаю ўсе праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускамоўныя дзеці і іх бацькі ў Беларусі. Хрысціянскія дэмакраты, у тым ліку і СХР, не першы год выступаюць у падтрымку пашырэння беларускамоўнага навучання ў беларускіх садках і школах. І мы вельмі ўсцешаныя з’яўленню чарговай ініцыятывы на гэтай ніве”, — адзначыў ён.
Максім Гацак падкрэсліў важнасць рэалізацыі сапраўднага двухмоўя ў краіне. Такога, калі б беларусам у Беларусі было гарантаванае навучанне на беларускай мове ў межах крокавай дасяжнасці, калі б яго не трэба было выбіваць і за яго змагацца і калі б яно не зводзілася да фармалізму, калі пад беларускай шыльдай па-ранейшаму застаюцца рускамоўныя садкі і школы, групы і класы.
Паводле bchd.info